Супраць Баўмгертнера, які знаходзіцца ў Мінску, распачалі справу ў Расіі
Расійскія следчыя распачалі крымінальную справу ў адносінах гендырэктара "Уралкалія" па артыкуле "злоўжыванне паўнамоцтвамі".
Нагадаем, Уладзіслаў Баўмгертнер (на здымку), які адначасова з'яўляўся старшынём назіральнага савета "Беларускай калійнай кампаніі", быў затрыманы ў Мінску 26 жніўня. Першапачаткова беларускія праваахоўнікі абвінавачвалі яго ва злоўжыванні ўладай і службовымі паўнамоцтвамі. Яму пагражала да 10 гадоў зняволення. У пятніцу Аляксандр Лукашэнка паведаміў, што справу перакваліфікавалі на артыкул "крадзеж", які прадугледжвае да 12 гадоў пазбаўлення волі.
Баўмгертнер месяц знаходзіўся ў следчым ізалятары КДБ, а пасля быў пераведзены пад хатні арышт у Мінску. Лукашэнка не выключаў, што Уладзіслава Баўмгертнера могуць экстрадаваць у Расію.
Як паведамляе РІА "Новости", крымінальную справу ў Расіі распачалі і супраць былога першага намесніка "Беларускай калійнай кампаніі" Канстанціна Саладоўнікава. Расійскія следчыя сцвярджаюць, што Баўмгертнер і Саладоўнікаў "злоўжывалі сваімі паўнамоцтвамі" і нанеслі "істотную шкоду ды цяжкія наступствы для "Беларускай калійнай кампаніі" і "Беларуськалія".
Фота — ria.ru