Супраць палітзняволенага айцішніка, які з цяжкасцю ходзіць, завялі новую справу
Аляксей Галоўкін / spring96
Супраць асуджанага на 3 гады калоніі палітзняволенага IT-інжынера Аляксея Галоўкіна ўзбудзілі новую крыміналку, пішуць праваабаронцы “Вясны”. Тэрмін яго зняволення павінны быў хутка скончыцца.
У дзяцінстве Аляксею паставілі складаны дыягназ — гемафілічная поліартрапатыя. Гэта значыць, што ў яго праблемы з суставамі. Ён з цяжкасцю ходзіць. Праваабаронцам вядома, што іншым асуджаным у калоніі забаранілі дапамагаць Аляксею.
Вядома, што для медыцынскай экспертызы яго на месяц пераводзілі ў гродзенскую турму, але цяпер ягонае месцазнаходжанне ўдакладняецца.
Палітвязень скончыў школу з залатым медалём і ВНУ — на выдатна. Яго асудзілі на 3 гады калоніі. Па меркаванні беларускага судя, Аляксей вінаваты ў парушэнні арт. 366 КК (Пагроза гвалтам у дачыненні да службовай асобы) і арт. 364 КК (Гвалт альбо пагроза гвалтам у дачыненні да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў). З яго таксама спагналі маральную кампенсацыю.
Якую менавіта крымінальную справу завялі на беларуса цяпер — невядома.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.