Супрацоўнікам светлагорскага тэлеканала "Ранак" прызначылі "суткі" і штрафы
Тэлеканал "Ранак" / baj.by
На затрыманых супрацоўнікаў светлагорскага тэлеканала "Ранак склалі пратаколы за распаўсюд "экстрэмісцкіх" матэрыялаў (частка 2 арт. 19.11 КаАП). Як пішуць праваабаронцы, мужчынам прысудзілі па 7 сутак адміністрацыйнага арышту, жанчынам — штрафы па 925 рублёў (25 базавых).
Паведамляецца, што затрыманні адбыліся ў пятніцу 9 чэрвеня. Супрацоўнікаў "Ранку" затрымлівалі пасля працоўнага дня ў розных месцах. Адну з жанчын — нават у іншым горадзе. Агулам сілавікі затрымалі дзевяць супрацоўнікаў "Ранак-медыя" і "Ранак-рэклама". (Раней паведамлялася пра восем затрыманых.)
Затрыманыя — журналіст Андрэй Ліпскі, аператар Павел Рабко, галоўны рэдактар медыякампаніі Вадзім Вежнавец, аператар Уладзімір Папоў, маркетолаг Марына Бычкоўская, галоўны бухгалтар Алена Кісялёва, сакратарка Крысціна Казялькова, а таксама Ганна Згурская, Лізавета Шавяленка.
Згурская — цяжарная, таму на яе склалі пратакол і адпусцілі, суда над ёй пакуль не было. Таксама пасля складання пратакола адпусцілі Шавяленка — у яе інваліднасць.
Прычынай для затрымання, па звестках праваабаріонцаў, стаў тэлесюжэт пра аварыю на Светлагорскім цэлюлозна-кардонным камбінаце.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.