Супрацоўнікі абакрадзенага банка: З грашыма кліентаў нічога не будзе

У Мінску 25 красавіка адбыўся буйны крадзеж у сталічным банку. Пра гэта супрацоўнікі паведамілі праваахоўным органам толькі праз два дні. Высветлілася, што зламыснік скраў з банка 690 000 долараў, а таксама буйныя сумы ў іншых валютах.

Злачынства адбылося ў беларуска-швейцарскім банку “Белсвісбанк”, што знаходзіцца ў цэнтры горада ля гарадской ратушы, на плошчы Свабоды,  23А. Ранкам 28 красавіка тут працавала следчая група. Пасля абеду, як высветліла Еўрарадыё, банк працуе ў звычайным рэжыме: ёсць кліенты, якія прыходзяць вырашаць фінансавыя справы. Супрацоўнікі на месцах, але няма кіраўніцтва.

“На жаль, мы не можам каментаваць гэтую сітуацыю, — кажуць карэспандэнту Еўрарадыё супрацоўніцы банка, што сядзяць у інфацэнтры банка. — Кіраўніцтва няма на месцы”.

Цікавімся, што адбылося ў банку, але супрацоўніцы адмаўляюцца ад усялякіх каментароў.

Са сховішча знікла вялікая колькасць грошай, што будзе з дэпазітамі кліентаў банка?

“Не хвалюйцеся, вашыя грошы, калі вы захочаце, мы вернем. Негледзячы на крадзеж, пакіньце свой нумар тэлефона, каб кіраўніцтва магло з вамі звязацца”, — кажа касірка.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі