Супрацоўнікі Віцебскай псіхлякарні скралі з бюджэту 2 мільярды рублёў
Следчы камітэт завяршыў расследаванне крымінальнай справы, распачатай у дачыненні службовых асобаў з Віцебскага абласнога клінічнага цэнтру псіхіятрыі і наркалогіі. Следства высветліла, што 40-гадовы галоўны бухгалтар установы і 38-гадовы вядучы бухгалтар увайшлі ў змову з начальнікам планава-эканамічнага аддзелу і скралі каля 2 мільярдаў рублёў.
Жанчыны распрацавалі такую злачынную схему, якая дазваляла ім залічваць грошы з абласнога бюджэту і з пазабюджэтных сродкаў сабе на карткі. Па месцы жыхарства ў фігурантак справы правялі вобшукі, падчас якіх знайшлі каштоўнасці, у тым ліку шматлікія ювелірныя вырабы.
Абвінавачаныя паспелі кампенсаваць страты на суму 1,3 мільярда рублёў. Усім чальцам злачыннай групы выставілі абвінавачанне адразу па трох артыкулах, паведамляе сайт Следчага камітэту.