Сурыкаў: Ніякіх расійскіх ваенных баз на тэрыторыі Беларусі няма
У Беларусі няма ніякіх расійскіх ваенных баз. Ёсць толькі два аб’екты назірання. Так амбасадар Расіі ў Беларусі Аляксандр Сурыкаў адказаў на пытанне Еўрарадыё пра колькасць расійскіх ваеннаслужачых на расійскіх ваенных базах у Вілейцы і Ганцавічах.
“Ніякіх расійскіх ваенных баз тут няма. Ёсць, можна сказаць, пункты назірання. Гэта Вілейка, дзе ніводнага расійскага ваеннаслужачага апроч начальніка няма. Там усе цывільныя людзі, якія жывуць у Вілейцы і нанятыя па дамове на працу. Гэта грамадзяне Беларусі. Другі аб’ект, Ганцавічы ― гэта больш новы аб’ект адсочвання. Там ёсць ваеннаслужачыя Расійскай Федэрацыі, але колькасць іх не вельмі вялікая. Здаецца, нават батальёна няма. Але і яны звязаныя выключна з аховай і абслугоўваннем ― нічога больш. Але назваць той аб’ект ваеннай базай таксама немагчыма ― там няма зброі!”, — заявіў Сурыкаў.
Катэгарычна адмовіў расійскі пасол і магчымасць таго, што частка расійскіх ваенных па заканчэнні сёлетніх сумесных расійска-беларускіх вучэнняў, застануцца ў Беларусі.