Сваячка серыйнага гвалтаўніка: Гэта здарылася і са мной. Мне было гадоў 8

Сваячка серыйнага гвалтаўніка: Гэта здарылася і са мной. Мне было гадоў 8

У сярэдзіне лістапада беларускія праваахоўнікі расказалі пра затрыманне аднаго з самых падступных і брудных зладзеяў у гісторыі суверэннай Беларусі. Пакуль Алега Б. падазраюць у дзясятках згвалтаванняў толькі на тэрыторыі нашай краіны. А нападзенні на жанчын ён ладзіў і ў Польшчы, і ў Расіі.

Затрымаць яго ў Беларусі не маглі больш за 20 гадоў. Можна толькі ўявіць, колькі згвалтаванняў магло быць здзейснена за гэты час.

Еўрарадыё звязваецца з Марынай (імя змененае, — Еўрарадыё), блізкай сваячкай Алега Б. Пытаемся, ці верыць яна, што чалавек, якога яна добра ведае і з якім падтрымлівае сувязь, здольны на такія злачынствы. 

Марына: Я нават не ведаю, што вам сказаць. 50 на 50.

Еўрарадыё: Калі вы так кажаце, то, напэўна, ведаеце пра нейкія згвалтаванні. Ці, можа быць, пра нейкія іншыя званочкі?

Марына: Як вам сказаць, было такое, было…

Еўрарадыё: Вы маеце на ўвазе канкрэтныя крымінальныя справы, распачатыя на Алега, ці нешта яшчэ?

Марына: Я яшчэ пра нешта ведаю.

Еўрарадыё: Ці можаце расказаць?

Марына: Гэта тое самае, за што яго затрымалі… Некалькі выпадкаў ведаю. Калі шчыра, калі не будзе імёнаў… Гэта здарылася са мной. Мне было гадоў восем, можа, дзевяць. Ён быў гадоў на дзесяць старэйшы. Але ўсё праходзіць. Вы ведаеце, столькі гадоў маўчаўшы, нават лягчэй стала.

Еўрарадыё: Іншыя сваякі ведалі, што здарылася?

Марына: Не. У нашай сям’і ён заўжды быў любімчыкам. Можа быць, яго маці нешта і ведала. Хаця б пра тое, за што ён быў асуджаны ў Польшчы. Але нам тады казалі, што нібыта ён трапіў у аварыю пад Масквой і за гэта сядзеў. Яму нібыта давялося рабіць і пластычную аперацыю на твары пасля той аварыі. Змены ў яго знешнасці сапраўды ёсць. Гэта гучала праўдападобна, таму што ён працаваў кіроўцам. У Мінску вадзіў аўтобус, у Маскве і Піцеры — маршруткі. Калі ён прыязджаў, я старалася больш знаходзіцца ці на працы, ці трымацца ўбаку. Павіталіся, і ўсё.

Падазраваны ў серыйных згвалтаваннях любіў фатаграфавацца з дзецьмі.

Еўрарадыё: Што на яго паўплывала, чаму стаў такім?

Марына: Напэўна, ён не любіць, калі яму адмаўляюць.

Еўрарадыё: Ці гвалціў ён каго-небудзь з вашых знаёмых?

Марына: Было вяселле ў сваякоў. Там усе былі нападпітку. Дык вось, сведка сказала, што ён хацеў яе згвалціць, спрабаваў узяць сілай. У яго не атрымалася. Усё гэта ў выніку спісалі на алкаголь…

 

Алег Б., паводле версіі праваахоўнікаў, нападаў на жанчын, гвалціў і адбіраў у іх каштоўныя рэчы. Вядома, што ён вёў дастаткова здаровы лад жыцця, хадзіў у трэнажорную залу, спрабаваў паказаць сябе добрым сем’янінам.

У 2000 годзе яго злавілі за згвалтаванне ў Польшчы і пасадзілі. У 2008 годзе суд Тушынскага раёна Масквы пасля аднаго са згвалтаванняў прызнаў Алега Б. нездаровым псіхічна і накіраваў на лячэнне. У хуткім часе гвалтаўнік выйшаў на волю і мог працягваць нападаць на жанчын.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі