Сваякі хочуць пахаваць Качыньскага ў Кракаве

Раніцай 13 красавіка спецыяльны самалёт даставіў труну з целам жонкі польскага прэзідэнта ў Варшаву. Пасля цырымоніі ў аэрапорце і ўрачыстага праезда картэжа па галоўных вуліцах горада, труны з целамі Леха і Мар'і Качыньскіх апынуліся побач у Прэзідэнцкім палацы. 
У Варшаву прыляцеў і старшыня Еўрапарламента Ежы Бузек. Ён наведаў Прэзідэнцкі палац і Сейм. А ў выходныя збіраецца прыняць удзел у пахавальнай цырымоніі.
Развітацца з Лехам і Мар'яй Качыньскімі ў Варшаву прыехалі таксама звычайныя людзі з усіх куткоў Польшчы і з замежжа.Каб пабачыць хаця б самі труны і пакінуць у кнізе свае спачуванні, яны стаялі гадзінамі ў чэргах перад Прэзідэнцкім палацам, нават не звяртаючы ўвагі на дождж. 
Старэйшая жанчына на кастылях:"Я жыву 60 гадоў, перажыла Салідарнасць, перажыла шмат палітычных зменаў. Прэзідэнт Качыньскі столькі зрабіў і столькі хацеў зрабіць для нашай краіны. Я не магу сабе дагэтуль уявіць, што яго няма. Я бачыла яго труну, развіталася. Але і так проста не магу гэтага зразумець".
Палякі  ўскладалі кветкі, запальвалі знічы, якіх за некалькі дзён назбіралася безліч, і спявалі рэлігійныя песні. 
Мужчына: "Я глыбока ўзрушаны. Мы прыехалі з Познані з жонкай, каб аддаць належнае вялікаму чалавеку, вялікаму патрыёту, які вельмі шмат зрабіў для ўсіх, для камбатантаў, для нацыянальнай традыцыі вядома, пры дапамозе сваёй жонкі".
Пэўны час труны з целамі Качыньскіх застануцца ў Прэзідэнцкім палацы. Урачыстасці развітання з іншымі загінулымі пад Смаленскам адбудуцца ў суботу, 17 красавіка, а пахаванне прэзідэнцкай пары — у нядзелю 18 красавіка ў Кракаве.
Блізкія Качыньскіх запрапанавалі пахаваць прэзідэнта на Вавелі, дзе знаходзяцца труны польскіх каралёў. Як паведамляе Польскае прэсавае агенцтва, кракаўскія ўлады на гэта пагадзіліся і першыя арганізацыйныя сустрэчы ўжо адбываюцца. Падтрымаў ідэю сям'і Качыньскіх і кракаўскі мітрапаліт, кардынал Станіслаў Дзівіш.
Станіслаў Дзівіш: "Кракаў адкрыты. Я як біскуп і вартаўнік Катэдры таксама адкрыты. Несумненна пахаванне прэзідэнцкай пары на Вавелі было б вялікім гонарам для Кракава."
Тым не менш людзі, якія сабраліся пад Прэзідэнцкім палацам у Варшаве не так прыхільна ставяцца да ідэі пахавання ў Кракаве.
Жанчына сярэдняга ўзросту: "Я варшавянка, шмат размаўляла з іншымі пра гэта. Мы б, канечне, хацелі, каб Леха Качыньскага пахавалі ў Варшаве, напрыклад у катэдры Святога Яна. Пахаванне на Вавелі гэта, канечне, вельмі ганарова, але нам здаецца, што ў Варшаве было б лепш".
Нагадаем, Лех Качыньскі нарадзіўся і вырас у Варшаве. Вучыўся ў Варшаўскім універсітэце. У 2002- 2005 годзе быў мэрам Варшавы. Бацька Леха Качыньскага ў 1944 годзе ўдзельнічаў у Варшаўскім паўстанні, яго пахавалі на сталічных могілках Павонзкі. У сувязі з тым, што большая частка жыцця і палітычнай кар'еры загінулага прэзідэнта была звязана са сталіцай, некаторыя лічаць, што больш лагічна было б пахаваць яго менавіта там.
Картэж з целам Мар’і Качыньскай праехаў па тым жа маршруце, што і картэж з целам Леха Качыньскага
Развітацца з прэзідэнцкай парай можа кожны жадаючы
Натоўпы перад Прэзідэнцкім палацам не разыходзяцца з суботы 10 красавіка


Дарэчы, пакуль гэты матэрыял рыхтаваўся да выхаду, ў рэдакцыю Еўрарадыё прыйшла афіцыйная інфармацыя ад канцылярыі польскага прэзідэнта, што пахаванне сапраўды адбудзецца на кракаўскім Вавелі.

Фота аўтара

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі