Святарам упершыню з часу пажару дазволілі наведаць Чырвоны касцёл
Святары змаглі трапіць у Чырвоны касцёл / chyrvony.by
19 снежня кіраўніцтва Каталіцкай царквы ў Беларусі ўпершыню з часу пажару наведалі Чырвоны касёл у Мінску, паведамляецца на яго сайце. Пры гэтым прысутнічаў упаўнаважаны па справах рэлігіі і нацыянальнасцяў Аляксандр Румак.
Прадстаўнікам Касцельнага камітэта трапіць у будынак не дазволілі. Хаця менавіта Касцельны камітэт нясе адказнасць за будынак перад парафіяй і дзяржавай.
З будынка дазволілі збраць рэчы мастакам, чые карціны выстаўляліся ў Белай зале касцёла, і прадстаўнікам тэатра "Зніч".
Паводле сведчанняў святароў і тых, хто здолеў трапіць у касцёл, выявілася наступнае:
— у зале для богаслужэння няма слядоў узгарання, дыму і сажы: касцёл чысты і прыдатны для набажэнстваў;
— у касцёле цёпла, гарачыя батарэі (хаця вернікам пісьмова паведамлялі, што ацяплення ў касцёле няма);
— у сакрыстыі агонь пашкодзіў кленчнік і крыж над ім, якія размяшчаюцца насупраць разбітага вітражнага акна;
— у столі над Крыжам выбітая дзірка (прыкладна 40х40 см);
— ва ўсім касцёле, галерэі і падвалах не адчуваецца ўвогуле паху дыму, усюды чыста, цёпла і мноства жывых вазонаў.
Відавочцы мяркуюць, што патрэбны рамонт толькі самой сакрыстыі. ЯГо можна зрабіць у кароткі тэрмін, і парафія гатовая правесці яго за ўласныя сродкі.
Але КУП "Мінская Спадчына" патрабуе закрыць касцёл на рамонт, працягласць якога не вызначана.
Касцёл зачынілі для святароў і вернікаў пасля пажару, які адбыўся напрыканцы верасня. Пасля гэтага чыноўнікі скасавалі арэндную дамову (будынак належыць дзяржаве) і заявілі, што касцёлу патрэбны рамонт.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.