Святочная меланхолія і крыху чараўніцтва: топ-10 стужак пра Каляды і Новы год

Паспрабуем трохі пашырыць ваш кругагляд датычна святочнага кіно.

Паспрабуем трохі пашырыць ваш кругагляд датычна святочнага кіно. / @rubanau_collage

Калядныя святы — падманлівая падзея. Як да іх ні рыхтуйся, упрыгожваючы ялінку і наразаючы чарговы салат, шанец адчуць калядны вайб выпадае далёка не ўсім. Тут як пашчасціць. А калі святочнага настрою няма, яго трэба ствараць самастойна, хаця б з дапамогай патрэбных фільмаў.

Еўрарадыё дапаможа вам ў гэтым. Мы склалі спіс з дзесяці стужак, якія здольныя распаліць унутры калядны агеньчык. Растыражаваных хітоў Галівуду тут амаль няма, як і надакучлівай савецкай камедыйнай класікі.

Паспрабуем трохі пашырыць ваш кругагляд датычна святочнага кіно. 


“Гэта цудоўнае жыццё” (It's a Wonderful Life)
ЗША, 1947, рэжысёр Фрэнк Капра

Святочная меланхолія і крыху чараўніцтва: топ-10 стужак пра Каляды і Новы год

Калі ва Усходняй Еўропе людзі ўжо не ўспрымаюць навагоднюю ноч без разанаўскай меладрамы “Іронія лёсу, альбо З добраю параю”, то ў Штатах ёсць свой аналаг — чорна-белае магічнае драмедзі “Гэта цудоўнае жыццё” класіка “залатога веку” Галівуда Фрэнка Капры.

Гісторыя пры гэтым зусім не калядная — жыхар правінцыйнага гарадка Джордж Бэйлі (Джэймс Сцюарт) настолькі стаміўся ад вырашэння праблем мясцовых жыхароў і ўласнай нерэалізаванасці, што акурат напярэдадні свята захацеў скокнуць з моста ў мясцовую рэчку. Самагубцу спыняе дзіўны анёл без крылаў, які паказвае, што сталася б з малой радзімай Бэйлі, калі б яго не было на свеце.

Цалкам жыццесцвярджальнае і, што важна, антыкапіталістычнае кіно, якое пры гэтым ілюструе кансерватыўную прымаўку: дзе нарадзіўся, там і спатрэбіўся.
 

“Горад майстроў” (Город мастеров)
БССР, 1965, рэжысёр Уладзімір Бычкоў

Хацелася б абысціся ў гэтым топе без згадвання савецкіх стужак, але для прадукцыі “Беларусьфільма” мы зробім выключэнне. “Горад майстроў” — гэта фільм-казка Уладзіміра Бычкова (менавіта ён крыху пазней здыме доўга цэнзураваны “Хрыстос прызямліўся ў Гародні” паводле Караткевіча), якую ведаюць значна меней, чым “Прыгоды Бураціны” ці “Пра Чырвонага Каптурка”.

Пры гэтым стужка дакладна трапляе ў кантэкст сучаснай Беларусі. Глядзіце самі — сучасны еўрапейскі горад з працавітымі жыхарамі захопліваюць чужаземцы, супраць якіх падымае рэвалюцыю дворнік-гарбун, а падтрымліваюць агульны варушняк лясныя партызаны. Больш актуальнае палітычнае выказванне ў межах дзіцячай казкі цяжка сабе ўявіць.
 

“Каляды, зноў” (Christmas, Again)
ЗША, 2014, рэжысёр Чарльз Покел

Святочная меланхолія і крыху чараўніцтва: топ-10 стужак пра Каляды і Новы год

Мінчукі, якія наведвалі сталічны кінапраект “Cinemascope” ў другой палове 2010-х, магчыма, памятаюць гэты фільм, але пра яго існаванне павінна ведаць куды болей шырокая аўдыторыя. Гэта амерыканская індзі-меладрама Чарльза Покела пра маладога хлопца Ноэла — флегматычнага прадаўца елак у Брукліне, санлівае існаванне якога раптоўна прыпыняе непрытомная дзяўчына ў парку.

Паводле настрою і зместу фільм нагадвае непраспяваную песню Radiohead, дорачы гледачу промні надзеі і смутку, мімалётнай радасці і самоты, меланхоліі і прадчування цуда.

У пэўным сэнсе “Каляды, зноў” — гэта самы шчыры фільм для людзей, якія лічаць, што святкаваць зімнія святы зусім не весела.  
 

“Тры арэшкі для Папялушкі” (Tri orísky pro Popelku)
Чэхаславакія — ГДР, 1973, рэжысёр Вацлаў Ворлічак

Яшчэ адна культавая калядная казка з барадатых савецкіх часоў, знятая ў Чэхаславакіі. Рэжысёр Вацлаў Ворлічак грунтоўна перапрацаваў казкі братоў Грымаў і Шарля Перо, дзякуючы чаму атрымалася жвавая і мілая чароўная гісторыя пра любоў і пошук сябе.

Сёлета стужцы споўнілася роўна паўстагоддзя, а цікавасць да яе не знікае. Што толькі дадаткова падкрэслівае: сапраўднае кіно не старэе.
 

“Мая ноч у Мод” (Ma nuit chez Maud)
Францыя, 1969, рэжысёр Эрык Рамер

Яшчэ адзін нетыповы калядны фільм ад класіка французскай “Новай хвалі” Эрыка Рамера. 34-гадовы Жан-Луі (Жан-Луі Трэценьян), офісны супрацоўнік і шчыры каталік, у час святкавання Калядаў аказваецца перад няпростым маральным выбарам — спадзявацца на сустрэчу і шлюб з незнаёмкай з каталіцкага прыходу альбо спакусіцца на секс з разведзенай новай знаёмай Мод (Франсуаза Фабіян).

Гэта звышдалікатная і мяккая інтэлектуальная драма пра пакуты сумлення, жаданне і свабоду волі, якая вам дакладна спадабаецца, калі вы ў жыцці хоць аднойчы аказваліся перад падобнай дылемай.
 

“У Бруге” (In Bruges)
Велікабрытанія — ЗША, 2007, рэжысёр Марцін Макдона

Святочная меланхолія і крыху чараўніцтва: топ-10 стужак пра Каляды і Новы год

Прыхільнікі творчасці брытана-ірланадскага драматурга Марціна Макдоны спрачаюцца, які яго фільм лепшы: апошні “Баншы Інешырына” ці перадапошні “Тры білборды на мяжы Эбінга, Місуры”.

Але ніхто не будзе спрачацца з тым, што самы чалавечны ў фільмаграфіі аўтара фільм — “У Бруге”. Іранічная трагікамедыя пра брытанскіх гангстараў, якія на Каляды едуць у кантынентальную Еўропу.

“У Бруге” — гэта гісторыя пра цяжкі груз грахоў, прыняцце іх і пошук паратунку ў любові і спачуванні. Нават калі ты — забойца дзіцяці, а чысцец для цябе — ціхі турыстычны бельгійскі гарадок, дзе зусім нічога не адбываецца і толькі ідзе снег.
 

“Фані і Аляксандр” (Fanny och Alexander)
Швецыя — Францыя — Германія, 1982, Інгмар Бергман

Пракатная трохгадзінная (а ёсць яшчэ тэлеверсія на 5 гадзін!) псіхалагічная драма “Фані і Аляксандр” класіка шведскага кіно Інгмара Бергмана афіцыйна не цягне на прыемная святочнае кіно. Але паводле сваёй сутнасці гэта квінтэсэнцыя каляднага фільма, які ўпісваецца ў схему святочнай казкі.

Глядзіце самі — фільм пачынаецца з вялікага святкавання Калядаў, потым сям'я распадаецца і з'яўляецца злыдзень, падобны на Скруджа з дыкенсаўскай кнігі. Фільм Бергмана настолькі насычаны — то цёплы, то халодны, то адчайны, то з'едлівы, — што не трэба прыдумляць штучных нагодаў, каб яго паглядзець.
 

“Эдвард Рукі-нажніцы” (Edward Scissorhands)
ЗША, 1990, рэжысёр Цім Бёртан

“Эдвард Рукі-нажніцы” больш нагадвае казачны фільм жахаў для Хэлоўіна, чым калядную гісторыю. Але змрочная казка Ціма Бёртана закранае тэмы, якія час ад часу з'яўляюцца ў святочных фільмах, у тым ліку тэму сацыяльнай ізаляцыі і адзіноты падчас святочнага сезону.

Дзеянне адбываецца на фоне прыгарада пастэльных адценняў, дзе Джоні Дэп у выглядзе бледнатварага гуманоіда з лёзамі-нажніцамі замест рук жыве ў добразычлівай Пэг (Дыяна Уіст) і яе сям'і.

Самыя захапляльныя моманты гэтага гатычнага рамана адбываюцца на Каляды, у тым ліку танцы Вайноны Райдэр пад шлейфам снегу, які падае з неба.
 

“Мандарын” (Tangerine)
ЗША, 2015, рэжысёр Шон Бэйкер

Святочная меланхолія і крыху чараўніцтва: топ-10 стужак пра Каляды і Новы год

Рэжысёр Шон Бэйкер знакаміты хутчэй як аўтар “Праекта “Фларыда” — драмы пра бедных амерыканцаў, якія аказаліся на парозе сацыяльнага дна. Але прабіўся ён на кінаалімп аўтарскага кіно дзякуючы іншай стужцы — “Мандарыну”.

Гэта больш радыкальная і эксперыментальная сацыяльная драмедзі, цалкам знятая на айфон у нерэспектабельным раёне Лос-Анджалеса. Гісторыя адбываецца напярэдадні Калядаў, але тут няма санак, аленяў і Санта-Клаўса. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі