Сямашка: Беларусь на 100% аплачвае спажыты расійскі газ

Сямашка: Беларусь на 100% аплачвае спажыты расійскі газ

Віцэ-прэм'ер Беларусі Уладзімір Сямашка заяўляе, што Беларусь цалкам аплочвае Расіі спажыты газ. Пра гэта ён паведаміў 30 чэрвеня падчас выступу ў Палаце прадстаўнікоў.

"Плацім Расіі сто адсоткаў за спажыты газ. Калі б не плацілі, увогуле быў бы шум", — цытуе interfax.by словы Сямашкі.

Чыноўнік прызнаўся, што беларускія прадпрыемствы апошнім часам кепска аплочваюць пастаўкі энерганосьбітаў. Таму Мінэнерга бярэ крэдыты для аплаты бягучых плацяжоў. Па словах Сямашкі, Мінэнерга набрала ўжо крэдытаў прыкладна на 750 млн долараў.

Віцэ-прэм'ер дадаў, што кансультацыі з урадам Расіі ды "Газпрамам" наконт роўнадаходных коштаў на газ працягваюцца. Па яго словах, зніжэнне коштаў на газ звязанае з пераходам на роўнадаходныя цэны ў адпаведнасці з дамовай ад 25 лістапада 2011 года.

Ад 1 студзеня 2016 года расійскі газ для Беларусі каштуе 132,77 долара за 1 тысячу кубаметраў.

Кампанія "Газпрам трансгаз Беларусь" заяўляла, што беларускія спажыўцы недаплочваюць за пастаўкі газу. У адказ расійскі бок хоча ў трэцім квартале скараціць пастаўкі нафты ў Беларусь з 5,3 млн тонаў да 3,5 млн тон.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі