Сямашка: дарожныя карты па інтэграцыі Беларусі і Расіі могуць узгадніць у траўні
Беларусь разлічвае, што ўжо ў траўні 2021 года будзе завершанае ўзгадненне дарожных картаў па інтэграцыі з Расіяй. Пра гэта заявіў амбасадар Беларусі ў Расіі Уладзімір Сямашка.
"Я павінен праінфармаваць, што мы ўжо блізкія да таго, каб гэтыя дарожныя карты былі скончаныя. На сённяшні момант з 28 21 карта ўзгодненая, засталося прапрацаваць літаральна сем карт. <...> Я вельмі спадзяюся, што мы не пазней за травень нарэшце ўсе гэтыя карты ўзгоднім, узгоднім новую праграму руху нашай Саюзнай дзяржавы і прынцыпова новую платформу, таму што эканамічная платформа будзе створаная, а гэта важна", — перадае ТАСС словы Сямашкі.
Яшчэ тыдзень таму беларускі амбасадар меркаваў, што працу завершаць у красавіку.
Праца над дарожнымі картамі па інтэграцыі актыўна вялася ў 2019 годзе. Тады гаварылася, што існуе 31 карта. Прычым 31-я карта прадугледжвала фактычна палітычнае зліццё Беларусі і Расіі. Супраць падпісання гэтых дакументаў у Беларусі напрыканцы 2019 і на пачатку 2020 года адбываліся шматлікія вулічныя акцыі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.