Сямашка праводзіць у Маскве перамовы аб пастаўках беларускага харчавання

У Маскве праходзяць перамовы аб пастаўках беларускага харчавання ў Расію. Беларускую дэлегацыю на перамовах узначальвае першы віцэ-прэм'ер Уладзімір Сямашка, расійскую — намеснік старшыні ўрада Аркадзь Дварковіч.

Як паведамляе БелаПАН, у склад беларускай дэлегацыі ўваходзяць таксама намеснік кіраўніка Мінсельгасхарча Ігар Брыло і дырэктар дэпартамента ветэрынарнага і харчовага нагляду Васіль Півавар. У цэнтры ўвагі бакоў — праблемы з пастаўкамі харчавання ў Расію. Плануецца, у прыватнасці, абмеркаваць часовую забарону на пастаўкі ў Расію прадукцыі прыблізна 20 беларускіх малака- і мясакамбінатаў, а таксама транзіт праз Беларусь у Казахстан тавараў з краін Еўрасаюза, што трапляюць пад расійскія санкцыі. Перамовы будуць доўжыцца адзін дзень.

Нагадаем, напярэдадні, 25 лістапада шляхі ўрэгулявання супярэчнасцяў з пастаўкамі прадуктаў з Беларусі абмеркавалі ў Маскве прадстаўнік Беларусі, міністр па прамысловасці і АПК Еўразійскай эканамічнай камісіі Сяргей Сідорскі і кіраўнік Рассельгаснагляду Сяргей Данкверт. Яны канстатавалі, што прыняцце абмежаванняў не адпавядае мэтам функцыянавання Мытнага саюза. Сідорскі прапанаваў не ўводзіць абмежаванні на транзіт тавараў, якія трапляюць пад забарону ў Расіі, а максімальна выкарыстоўваць магчымасці сумеснага кантролю на знешніх межах Мытнага саюза. Ён таксама рэкамендаваў расійскаму боку ўстрымацца ад прымянення абмежавальных мер адносна беларускіх прадпрыемстваў да завяршэння праверкі якасці іх прадукцыі.

Фота — Fotolia

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі