Сяргей Гурыеў: нафтавае эмбарга можа хутка спыніць вайну
Нафтавае эмбарга хутка і магутна ўдарыць па Расіі / Reuters
Пакуль у свеце высокія цэны на нафту, расійскі бюджэт застаецца ў плюсе. Гэта дазваляе Маскве працягваць вайну супраць Украіны. Адмова Еўропы ад расійскіх нафты і газу дазволіць хутка спыніць вайну, мяркуе прафесар універсітэта Ѕсіеnсеѕ Po ( Францыя), былы галоўны эканаміст Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця Сяргей Гурыеў.
— Гэта [гандаль нафтай і газам. — Еўрарадыё] не толькі крыніца даляраў для падтрымання курсу рубля. Гэта яшчэ крыніца бюджэтных даходаў. Летась расійскі бюджэт атрымаў дзевяць трыльёнаў рублёў [каля $108 млрд. — Еўрарадыё] нафтагазавых даходаў. Толькі напрамую. А яшчэ ёсць даходы, звязаныя са спажываннем людзей, якія працуюць у нафтагазавым сектары, падатак на прыбытак і гэтак далей.
Калі эмбарга будзе ўведзена, расійскі бюджэт адчуе гэта неадкладна.
— Эмбарга адразу ж прывядзе да таго, што ўсе ўдзельнікі рынку зразумеюць, што ў бюджэце дзірка. І альбо расійскія ўлады неадкладна абвесцяць, як яны будуць затыкаць гэтую дзірку: зніжаючы пенсіі, зніжаючы заробкі амапаўцаў, зніжаючы заробкі жаўнераў, якіх яны адпраўляюць ва Украіну. Ці ж рынак зразумее, што расійскі бюджэт будзе друкаваць грошы, каб заткнуць гэтую дзірку. І гэта адразу ж падыме інфляцыю.
Таму я думаю, што нафтавае эмбарга — гэта сапраўды спосаб спыніць вайну вельмі хутка. Таму што без гэтых дзевяці трыльёнаў рублёў нафтагазавых даходаў Расія не можа працягваць мець збалансаваны або прафіцытны бюджэт.
Пры цэнах на нафту ў раёне $100 за барэль расійскі бюджэт застаецца прафіцытным. Выходзіць, не страшна, што каля паловы рэзерваў Цэнтральнага банка Расіі замарожаныя. Калі экспарт Расіі не знізіцца, то і грошай на вайну будзе дастаткова.
— Нават 75 долараў дастаткова для таго, каб у бюджэце не было дзіркі. Вядома, Расія страціць не ўсе дзевяць трыльёнаў, таму што ў Еўропу адпраўляецца толькі прыкладна палова расійскай нафты і газу. Але тым не менш, гэта важная праблема, — заключае Сяргей Гурыеў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.