Сёння Ізраіль плануе вярнуць дадому яшчэ некалькіх сваіх грамадзянаў
Сектар Газа
Яшчэ некалькіх ізраільскіх закладнікаў, якіх ХАМАС захапіў падчас тэракту 7 кастрычніка, павінны вызваліць сёння, піша BBC.
Пагадненне паміж Ізраілем і ХАМАС атрымалася скласці пры пасярэдніцтве Катара. Яно прадугледжвае абмен палестынскіх зняволеных, якіх утрымваюць у ізраільскіх турмах, на закладнікаў, якіх захапіў ХАМАС. За аднаго палоннага Тэль-Авіў абяцае вызваліць траіх зняволеных.
Ужо 26 ізраільскіх закладнікаў – жанчыны і дзеці – былі вызваленыя, а з ізраільскіх турмаў выйшлі 78 палестынскіх зняволеных.
Апроч таго, па асобным пагадненні паміж ХАМАС і ўрадам Егіпта, з палону вярнуліся 14 тайскіх закладнікаў і адзін філіпінец.
Паўза ў баявых дзеяннях павінна доўжыцца 4 дні. Жыхары Газы выкарыстаюць яе, каб атрымаць патрэбныя запасы паліва, прадуктаў харчавання і медыкаментаў.
У выніку атак ХАМАСа 7 кастрычніка загінулі 1,2 тыс. чалавек, каля 240 былі ўзяты ў закладнікі. З той пары ў самай Газе было забіта больш за 14,5 тыс. чалавек, сцвярджае міністэрства аховы здароўя Газы, якой кіруе ХАМАС.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.