Сёння пачынаюцца вайсковыя вучэнні “Захад-2017”
У чацвер, 14 верасня, пачынаюцца беларуска-расійскія вайсковыя вучэнні “Захад-2017”. На тэрыторыі Беларусі знаходзіцца каля 3 тысяч расійскіх вайскоўцаў, самалёты і верталёты з РФ (іх дакладная колькасць невядомая). У вучэннях прымуць удзел больш за 7 тысяч беларускіх вайскоўцаў, 370 адзінак бронетэхнікі (з іх — каля 140 танкаў), паўтары сотні адзінак артылерыі, больш за чатыры дзясяткі самалётаў і верталётаў.
На тэрыторыі нашай краіны вучэнні будуць праходзіць на палігонах у Брэсцкай, Мінскай і Віцебскай абласцях. На Захадзе яны ўспрымаюцца з заклапочанасцю. У суседніх з Беларуссю краінах неаднаразова гучалі заявы палітыкаў, вайскоўцаў і экспертаў, што расійскія войскі могуць застацца ў Беларусі, што іх будзе значна больш, чым заяўлена. Прагучала версія пра планы “прарыву” ў Калінінградскую вобласць Расіі. Нападаць ні на каго не збіраемся, заявіў Аляксандр Лукашэнка. Дарэчы, паводле сцэнару “Захаду-2017”, Беларусь і Расія мае праціўнікаў у выглядзе прыдуманых дзяржаў Весбарыя, Вейшнорыя і Лубенія, якія, нібыта, спрабуюць дэстабілізаваць сітуацыю на беларускай тэрыторыі. Таму засылаюць у нашу краіну і ў Калінінградскую вобласць “незаконныя ўзброеныя фармаванні”. Задача вучэнняў гэтага не дапусціць.
Мінабароны Беларусі заявіла, што расійскія вайскоўцы мусяць вярнуцца ў РФ да 30 верасня (самі вучэнні працягнуцца да 20 верасня).