Лукашэнка: У нас на складзе дэнамінаваныя купюры ляжаць некалькі гадоў


Лукашэнка: У нас на складзе новыя дэнамінаваныя купюры ляжаць



Аднак беларускі кіраўнік не бачыць неабходнасці ў блізкай дэнамінацыі.



"Дэнамінацыя — не праблема, гэта чыста тэхнічны працэс. Мне здаецца, лепш праводзіць, калі будзе стабільная сітуацыя на валютным рынку", — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.



Ён прызнаў, што дэнамінаваныя купюры даўно падрыхтаваныя і ляжаць на складзе не адзін год. Лукашэнка заяўляе, што дэнамінацыя будзе абвешчаная загадзя, новыя і старыя купюры нейкі час будуць хадзіць паралельна.

Лукашэнка прасіў у Пуціна аддаць Беларусі Калінінград



Па яго словах, Беларусь заўжды падтрымлівала Калінінградскую вобласць.



Таксама беларускі кіраўнік заявіў, што лічыць Калінінград сваёй вобласцю — "у добрым сэнсе слова". "Але я не прэтэндую заўтра займаць Калінінградскую вобласць", — дадаў ён.
 


Лукашэнка паведаміў, чаму не хоча прадаваць МАЗ і БелАЗ



ИТАР-ТАСС запытаўся пра зліццё МАЗ і КамАЗ.



Лукашэнка абвінаваціў расіян, што яны не хочуць ўкладаць грошы, не прыносяць новыя тэхналогіі, не адкрываюць новыя рынкі. "Дык навошта тады? Мы і так можам падзяліць рынак", — заявіў кіраўнік Беларусі.


 
"А БелАЗ мы нікому не аддаем! Гэта 30% сусветнага рынку такіх аўтамабіляў", — паведаміў Лукашэнка.

Лукашэнка: Без Гарбачова і адлігі я б не стаў прэзідэнтам



Журналіст 5-ага тэлекаканала (Санкт-Пецярбург) запытаўся: "Вы сумуеце па СССР?"



"Я не проста сумую — я чалавек савецкі. Я вырас у той краіне. Мне спаўна хапіла. Мяне ледзь з партыі не выключылі. Дзве строгія вымовы! Але ў картку не запісалі, Радзькоў (цяперашні намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта. — Еўрарадыё.) потым знайшоў", — распавёў кіраўнік Беларусі.



Параўнаў Лукашэнка цяперашнюю Беларусь з Савецкім Саюзам: "Зараз сістэма ў цэлым не лепш. Можна абразіць прэзідэнта, з падваротні гаўкаць — і нічога табе не будзе".



Таксама беларускі кіраўнік паведаміў: "Мы зараз вынайшлі нейкую картку, якой можна і ў школе за абед заплаціць, і за транспарт. Здаецца, "Беларусбанк".



Лукашэнка адзначыў вялікую ролю Гарбачова ў сваёй палітычнай кар'еры: "Калі б не было "кепскага" Гарбачова і той адлігі... Я зараз з Гарбачовым зараз зрэдку сустракаюся і троху наракаю на яго. Але калі б яго не было, то я не быў бы прэзідэнтам! Але гэта нішто ў параўнанні з развалам Савецкага Саюза".

Лукашэнка: У нас за камуналку плацяць 23,2% ад поўнага кошту



Пра гэта кіраўнік Беларусі заявіў, адказваючы на пытанне журналісткі выдання "Новый вторник".



"Мы разбалавалі беларусаў. Яны не прайшлі праз рэвалюцыі — карычневыя, ружовыя, блакітныя і іншыя" — сказаў Аляксандр Лукашэнка.



Ён паведаміў: "У нас за камуналку плацяць 23,2%. І цэны ў нас ніжэй, чым у вас. Мы ЖКГ не распусцілі".



Але гэта і кепска, адзначыў кіраўнік Беларусі. Па яго словах, да крызісу 2011 года сярэдні заробак быў 500 долараў, а цяпер зрабілі 720: "Людзі ідуць у абменнік, купляюць валюту. І ладна б, у банк неслі, а то хаваюць пад падушкай".

Паводле Лукашэнкі, беларуская школа "разбасячылася"




Кіраўнік дзяржавы каротка спыніўся на стане адукацыі ў Беларусі. Паводле яго слоў, "школа крыху расбасячылася — гэта я прызнаю". Лукашэнка канстатуе, што "не той настаўнік стаў, не той вучань стаў, не тая школа".



"Настаўнікі крыўдзяцца, што заробкі невялікія, — гаварыў Лукашэнка. — Я з імі згодзен. У нянечак і выхавацеляў ў дзіцячым садку катастрафічна цяжкая праца. Мы павінны вырашыць праблему".
 

Лукашэнка: Гертнер плюнуў на Дом ураду ў Мінску



Аляксандр Лукашэнка ў чарговы раз спыніўся на "калійнай вайне". Ён прыгадаў, як гендырэктар "Уралкалія" прыехаў у беларускую сталіцу на запрашэнне прэм'ера Міхаіла Мясніковіча.



"Сядзеў сапляк нага за нагу. Казаў: "Не будзе гэтага!" Выйшаў, плюнуў на Дом ураду і — ў аэрапорт, а там яго...", — распавёў Лукашэнка.

Як вядома, у аэрапорце Уладзіслаў Баўмгертнер быў затрыманы, месяц правёў у СІЗА КДБ, а цяпер знаходзіцца пад хатнім арыштам у Мінску.

Лукашэнка: Не думайце, што я заманіў Баўм ці Гертнера ў Беларусь


 


Аляксандр Лукашэнка эмацыйна спыніўся на так званай калійнай вайне.



"Я скажу вам, дзе знайсці грошы. А пра ці то Баўм, ці то Гертнер, ці то дрэва, ці то сад. Адкажу потым. Я б Керымава (асноўны акцыянер "Уралкалія", расійскі алігарх — Еўрарадыё) і керымаўцаў закрыў у адной камеры, і яны б прадалі ўсе акцыі. А грошы адправіў у Беразнякі. Адабраць грошы ў нягоднікаў і пабудаваць квітнеючы сад. А вы шукаеце ў Баўмгертнера. Якія ў яго грошы? Сотая доля таго, што меў Керымаў. Я атрымаў ліст ад беразнякоўцаў. Мы дамо адказ, ён рыхтуецца. Але я ведаю, як збіраліся гэтыя подпісы. Не думайце, што Лукашэнка заманіў вашага ці то Баум, ці то Гертнера ў Беларусь. І як людажэр здзекваецца з яго".



Лукашэнка прапанаваў расійскай журналістцы прыязджаць з генпракурорам Расіі і ім аддадуць гендырэктара "Уралкалія" Уладзіслава Баўмгертнера, які цяпер знаходзіцца пад хатнім арыштам у Мінску.

Лукашэнка: Чыноўнік прапіў раён і сядае ў іншае крэсла



Кіраўнік дзяржавы распавёў пра тое, што Адміністрацыя прэзідэнта правярала, дзе працуюць звольненыя за розныя парушэнні чыноўнікі.



"Балду праганяў, прапіў раён, а ён сядае ў іншае крэсла і на аўтамабілі яшчэ персанальным ездзіць", — сказаў Лукашэнка. Паводле яго слоў, такія факты знайшліся "дзесьці у трох выпадках". Гэтых людзей адразу ж звольнілі, а губернатараў пакаралі.
 

Лукашэнка: Не лічу, што добра, што ў нас ёсць смяротнае пакаранне

Кіраўнік краіны супраць смяротнага пакарання, але лічыць, што цяпер ідуць такія працэсы, пры якіх адмовіцца ад вышэйшай меры немагчыма.

Лукашэнка: Калі з пенсій, заробкаў забяру мільярд, людзі зразумеюць
 

Адно з пытанняў датычыла нядаўняга выказвання Аляксандра Лукашэнкі пра намер падтрымаць маладыя сем’і, пасля нараджэння першага дзіцяці, адкрываючы для іх рахунак на 10 тысяч долараў. Пасля гэтага журналісты падлічылі, што штогод для гэтага спатрэбілася б дзяржаве знайсці каля 2 мільярдаў долараў.

Лукашэнка падкрэсліў, што яго не зусім правільна зразумелі: "Што датычыць мільярдаў. Людзі, чулі дзесьці звон... Я сказаў, што самае вялікая праблема ў нас — гэта насельніцтва... І мы павінны знайсці гэты мільярд, дзеля таго, каб жанчыны нараджалі і сем'і былі забяспечаны".

Аказваецца, нейкі чалавек падрыхтаваў аналітычную запіску кіраўніку дзяржавы з прапановай "Вялікая сям'я" і згаданымі сумамі.

"Нягоднікі, ворагі пачалі здзекавацца, "дзе ён мільярд знойдзе"?", — эмацыйна сказаў Лукашэнка. Паводле яго слоў, мільярды долараў не патрэбныя, па адным варыянце трэба будзе на выплаты ў год 350 мільёнаў долараў, па іншым — каля 800 мільёнаў долараў у год.

"Такія разлікі. І ніякія не мільярды. Падкрэсліваю, гэта адна з прапановаў. І мне трэба будзе з іх выбраць. Можа быць і 20 тысяч долараў, можа быць 5 тысяч. Гэта будзе залежыць ад эканамічнай сітуацыі ў краіне", — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле слоў Лукашэнкі, "без людскога рэсурса ні чорта не будзе, суверэнітэта не будзе". "Калі з пенсій, заробкаў забяру гэты мільярд, людзі зразумеюць мяне", — запэўніў прысутных кіраўнік Беларусі. 

Лукашэнка: Малодшы сын просіць расказваць пра вайну, пра Сталіна і Гітлера


Адно з пытанняў датычыла захаванню памяці пра Вялікую Айчынную вайну.



Аляксандр Лукашэнка распавёў, што яго малодшы сын просіць кожны вечар расказваць "пра вайну, пра Сталіна, пра Гітлера". І ён яму расказваў пра Вялікую Айчынную вайну, а пасля "перайшоў на вайну з Напалеонам".



А аднойчы Лукашэнка ляцеў з сынам на верталёце і паказаў Беразіну, што "тут французаў патапілі".



Таксама кіраўнік дзяржавы распавёў, што Мікалай "любіць глядзець патрыятычны расійскі канал "Звезда".
 

Лукашэнка: Саюзны Саўмін не сабраўся з-за таго, што "Керымава пакрыўдзілі"



Кіраўнік Беларусі спыніўся на лёсе саюзнага праекту. Паводле яго слоў, ён застаецца актуальным. "Але народ зачакаўся нейкай дынамікі станоўчай, але гэта пытанне не да мяне", — сказаў Аляксандр Лукашэнка.



Кіраўнік дзяржавы распавёў, чаму не адбыўся ў Мінску Саюзны Саўмін. "Бо, бачыце, Керымава пакрыўдзілі і другіх. Калі гэта прычына, мы пачакаем", — сказаў Лукашэнка.
 

Лукашэнка: З Пуціным у нас былі і сутыкненні



Адказваючы на пытанне пра ўзаемаадносіны з расійскім прэзідэнтам, Аляксандр Лукашэнка гаварыў найперш пра пазітыўныя моманты. Паводле яго слоў, з Уладзімірам Пуціным "заўсёды можам сесці за стол", праблемы яны абмяркоўваюць "як сябры". Лукашэнка сказаў, што з Пуціным "як у адной дзяржаве жывем".



Праўда, кіраўнік Беларусі прызнаўся, што былі і праблемы, нават сутыкненні.
 

***

Жывая трансляцыя прэс-канферэнцыі арганізаваная на Першым нацыянальным канале Беларускага радыё.



Мерапрыемства завяршае прэс-тур расійскіх журналістаў па Беларусі, асноўная частка якога сёлета прайшла ў Гродзенскай вобласці. У прэс-канферэнцыі возьмуць удзел больш за 90 чалавек з 70 СМІ, інфармуе БелаПАН.
 

Жывы эфір можна будзе слухаць тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі