Сёння стартуе Будслаўскі фэст, ён пройдзе ў фармаце оўпэн-эйра
Вернікі падчас Будслаўскага фэсту у 2019 годзе / Еўрарадыё
2 ліпеня ў Нацыянальным Санктуарыі ў Будславе стартуе знакаміты фэст у гонар Маці Божай Будслаўскай. Ён пройдзе два дні ў фармаце оўпэн-эйра, паведамляе catholic.by.
Нягледзячы на пажар у Будслаўскім касцёле, урачыстасці вырашана было правесці ў традыцыйным фармаце, але выконваючы санітарныя нормы і сацыяльную дыстанцыю, а таксама ўлічваючы патрабаванні адносна правядзення масавых мерапрыемстваў і набажэнстваў.
Ад знакамітых пілігрымак у гэты раз вырашылі адмовіцца. Набліжэнне да пацярпелага ад агню касцёлу гэтак жа забароненае. Таму ўсе малітвы і імшы будуць адбывацца на палявым алтары на адкрытым паветры. Сюды ж даставяць цудадзейную ікону Маці Божай Будслаўскай.
Праграма:
2 ліпеня:
12.00 — святая Імша з новапрэзбітэрамі; цэлебрацыю ўзначальвае біскуп Юрый Касабуцкі
15.00 — Вяночак да Божай Міласэрнасці
18.00 — святая Імша для пілігрымаў; цэлебрацыю ўзначальвае арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
20.00 — жывы Місійны Ружанец
23.30 — працэсія са свечкамі і копіяй абраза Маці Божай Будслаўскай
3 ліпеня
0.00 — святая Імша ў інтэнцыі адбудовы Будслаўскай святыні. Узначальвае цэлебрацыю Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч
8.45 — Фацімскі Ружанец; праводзіць "Легіён Марыі"
10.00 — святая Імша; цэлебрацыю ўзначальвае Апостальскі нунцый у Рэспубліцы Беларусь арцыбіскуп Антэ Ёзіч
На заканчэнне святой Імшы — Эўхарыстычная працэсія
Для пілігрымаў у вёсцы Палессе арганізаваны намётавае мястэчка, паркоўкі для аўтатранспарту размяшчаюцца на поле з боку Даўгінава і на старым аэрадроме з боку Крывічоў.
Будслаўскі касцёл загарэўся 11 траўня 2021 года. Пажар амаль цалкам знішчыў дах храма. На 10 чэрвеня неабыякавыя людзі і кампаніі на аднаўленне касцёла сабралі 734 896 руб. Збор працягваецца.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.