Сёння ў Мінску агучаць прысуд раварысту, які збіў бітай 17-гадовага юнака
У панядзелак, 12 верасня, у Мінску агучаць прысуд раварысту, які збіў бітай 17-гадовага юнака. Пракурор запрасіла для 30-гадовага Анатоля Грынкевіча сем гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Яго дзеянні кваліфікавалі як "злоснае хуліганства" (ч. 3 арт. 339 КК). Сям'я пацярпелага спадзяецца атрымаць кампенсацыю з абвінавачанага. Прысуд будзе агучаны ў судзе Фрунзенскага раёна.
Як паведамляла Еўрарадыё, у чэрвені Грынкевіч ехаў на ровары па веладарожцы на вуліцы Прытыцкага і напаў на Васіля Дземідовіча, які не саступіў яму дарогу. На судзе Грынкевіч прызнаў сваю віну. Адвакат папрасіў ужыць да падсуднага толькі абмежаванне волі. Ён падкрэсліў, што Грынкевіч мае на ўтрыманні малалетняе дзіця, якое нарадзілася, калі раварыст знаходзіўся ў следчым ізалятары.