ТАА "Танкверт" — Рассельгаснагляд абураны кампаніямі-тролямі з Беларусі
Сяргей Данкверт / kommersant.ru
Рассельгаснагляд выявіў 28 беларускіх транспартных кампаній, якія пастаўляюць беларускія прадукты харчавання ў Расію, хаця па дакументах яны павінны пастаўляцца ў Казахстан і Кыргызстан.
Пры аналізе беларускіх паставак праз Расію спецыялісты Рассельгаснагляду заўважылі, што грузавікі за 2-5 дзён нібыта дастаўлялі груз ў Бішкек або Алматы, вярталіся, загружаліся і ехалі па тым жа маршруце зноў. Хоць адлегласць складае больш за 8000 кіламетраў. Насамрэч груз заставаўся ў Расіі.
"Асаблівую ўвагу ў гэтым спісе прыцягвае кампанія пад нумарам 28 — ТАА"Танкверт". Цалкам відавочна, што заснавальнікі кампаніі не выпадкова далі арганізацыі імя, сугучнае з прозвішчам кіраўніка Рассельгаснагляду Сяргея Данкверта", — адзначае Рассельгаснагляд.
У ведамстве таксама паведамляюць, што некаторыя беларускія вытворцы пачалі выкарыстоўваць "шэрыя" схемы самастойна, не звяртаючыся да дапамогі кампаній-пасярэднікаў. Такіх прадпрыемстваў Рассельгаснагляд выявіў 9 штук.
Як паведамляла Еўрарадыё, для спынення "шэрых" паставак жывёлагадоўчай прадукцыі з Беларусі ў РФ Рассельгаснагляд звярнуўся па дапамогу да ФСБ і Мінтрансу Расіі.