"Талібан" сфарміруе савет для кіравання Афганістанам — СМІ
Афіцыйны прадстаўнік "Талібана" Забіўла Муджахід / Reuters
Кіраўніцтва "Талібан" плануе сфарміраваць савет для кіравання Афганістанам. У яго ўвойдуць 12 чалавек. Мяркуецца, што членамі Савета стане і частка чыноўнікаў з папярэдняга ўрада краіны. Пра гэта паведамляе часопіс Foreign Policy са спасылкай на крыніцы, блізкія да лідараў руху.
Ужо вядома, што ў савет ўвойдуць тры найбольш уплывовых чалавека ў руху. Гэта лідар палітычнага крыла "Талібану" Абдул Гані Барадар, кіраўнік вайсковай камісіі "Талібану" Маулаві Якуб (ён таксама з'яўляецца сынам заснавальніка руху мулы Амара), а таксама палявы камандзір і верхавод дыверсійнай групоўкі "Сетка Хаккані" Сіраджудзін Хаккані.
Пасады прэзідэнта ў Афганістане больш не будзе, заяўляюць талібы.
Крыніцы амерыканскага выдання кажуць, што першапачаткова талібы планавалі ўключыць у склад савета і Ахмада Масуда — сына вядомага палявога камандзіра Ахмада Шаха Масуда па мянушцы Панджшэрскі леў. Але цяпер такое супрацоўніцтва малаверагодна, таму што менавіта Масуд узначальвае сілы супраціву талібам у Панджшэры на поўначы краіны.
"Сітуацыя жудасная"
Між тым віцэ-прэзідэнт Афганістана Амрула Салех, які не прызнае захоп улады ў краіне радыкаламі, заявіў аб вельмі складанай гуманітарнай абстаноўцы ў рэгіёне Андараб паўночнай правінцыі Баглан.
"Талібы не прапускаюць прадукты харчавання і паліва ў даліну Андараб. Гуманітарная сітуацыя жудасная. Тысячы жанчын і дзяцей былі вымушаныя бегчы ў горы", — напісаў Салех на сваёй старонцы ў Twitter.
Паводле яго слоў, апошнія некалькі дзён "Талібан" "выкрадае дзяцей і старых і выкарыстоўвае іх у якасці жывых шчытоў для перамяшчэння або ператрусаў у дамах".
Амерыканскія сілы могуць затрымацца ў Афганістане?
Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн цягам найбліжэйшых 24 гадзін павінен вызначыцца з тэрмінамі вываду вайскоўцаў з Афганістана. Не выключана, што ваенная аперацыя па эвакуацыі амерыканцаў можа быць прадоўжана і пасля 31 жніўня. Пра гэта паведамляе агенцтва Reuters са спасылкай на крыніцу ў Вашынгтонскай адміністрацыі.
Напярэддані афіцыйны прадстаўнік катарскага палітычнага офіса "Талібана" Махамад Сахаіл Шахін прыгразіў ЗША наступствамі, калі тыя не выведуць свае войскі з Афганістана да 31 жніўня.
15 жніўня баевікі руху "Талібан" без бою ўвайшлі ў Кабул, а прэзідэнт краіны Ашраф Гані пакінуў краіну. Па яго словах, ён гэта зрабіў, каб не дапусціць кровапраліцця. Заходнія краіны пачалі эвакуацыю сваіх грамадзян. Мноства мясцовых жыхароў таксама накіраваліся ў аэрапорт Кабула, каб пакінуць краіну.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.