Танкачова: Трэба спыніць практыку абнародавання ў СМІ матэрыялаў следства
Праваабаронца Алена Танкачова лічыць, што публікацыяй "ліста Гайдукова" павінна заняцца пракуратура.
Нагадаем, што ў сераду газета "СБ — Беларусь сегодня" апублікавала ліст, нібыта напісаны Андрэем Гайдуковым у ЦРУ. Аўтар ліста прапаноўваў свае паслугі замежнай спецслужбе.
Самога Гайдукова 1 ліпеня асудзілі на 1,5 года калоніі агульнага рэжыму за спробу ўстанаўлення кантактаў з супрацоўнікам замежнай спецслужбы без прыкметаў здрады. Суд праходзіў у закрытым рэжыме.
У каментары Еўрарадыё Алена Танкачова адзначыла, што гэтая публікацыя вельмі нагадвае артыкулы ў той жа газеце на пачатку 2011 года. Тады галоўная афіцыйная газета краіны публікавала матэрыялы допытаў па справе так званых "масавых беспарадкаў 19 снежня 2010 года". І гэта пры тым, што следства яшчэ не скончылася.
Танкачова: "І цяпер "Советская Белоруссия" — па справе Гайдукова. Гэта судовы працэс, які праходзіў у закрытым рэжыме. І, адпаведна, інфармацыя гэтага працэсу ахоўваецца пэўнымі нормамі беларускага заканадаўства. У прыватнасці, артыкулам 407 Крымінальнага кодэксу, які прадугледжвае адказнасць за разгалошванне дадзеных дазнання, папярэдняга следства або закрытага судовага паседжання. І паколькі мы не ведаем дакладных працэдураў, у адпавесці з якімі "Советская Белоруссия" атрымала гэты дакумент, мы мяркуем, што трэба правесці пракурорскую праверку і высветліць законнасць атрымання інфармацыі. І, адпаведна, правесці разбіральніцтва".
Танкачова кажа, што пракуратура мае ўсе падставы, каб рэагаваць на падобныя звароты, абнародаваныя ў СМІ. Акрамя таго, у пракуратуру можа звярнуцца і сам Гайдукоў праз свайго адваката.