Тавараабарот Магілёўскай вобласці з Польшчай павялічыўся да 14,5%

Тавараабарот Магілёўскай вобласці з Польшчай павялічыўся да 14,5%

Нягледзячы на зніжэнне тавараабароту паміж Беларуссю і Польшчай, тавараабарот паміж Магілёўскай вобласцю і заходняй суседкай расце. Пра гэта было заяўлена на Беларуска-польскім рэгіянальным эканамічным форуме “Гандаль, перапрацоўка, інвестыцыі”, які адкрыўся 12 лістапада ў Магілёве.

Доля Польшчы у знешнім гандлі Магілёўскай вобласці (без уліку краін СНД) за студзень—верасень 2015 года склала 14,5%. За ўвесь мінулы год гэты паказчык быў на ўзроўні 9,2%, паведаміў на пасяджэнні форуму старшыня Магілёўскага аблвыканкама Уладзімір Даманеўскі.

Паводле яго слоў, і летась, і сёлета сальда знешнеэканамічнай дзейнасці паміж Магілёўскай вобласцю і Польшчай адмоўнае.

“І гэта нас абсалютна не турбуе, бо мы бачым, што спажыўцы нашай вобласці зацікаўленыя ў пастаўках прадукцыі, якая вырабляецца на тэрыторыі Рэспублікі Польшча, і гэта гаворыць пра тое, што нам ёсць што абмяркоўваць і ў якім кірунку рухацца”, — адзначыў кіраўнік абласной вертыкалі.

За дзевяць месяцаў 2015 года абарот склаў 85,1 млн долараў, экспарт — 31,3 млн долараў (109% да студзеня—верасня 2014 года), імпарт — 53,7 млн. (94,4%).

У цэлым беларуска-польскі тавараабарот змяншаецца, заявіў журналістам часовы павераны ў справах Польшчы ў Беларусі Міхал Хабрас, пры гэтым не паведаміўшы канкрэтных звестак. Ён выказаў упэўненасць, што спад эканамічнага ўзаемадзеяння, які назіраецца зараз, зменіцца ростам, бо прадпрыемствы змогуць хутка адаптавацца да існых умоў, паведамляе БелаПАН.

Фота: mogilevnews.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі