Таварыскі футбольны матч Нямеччына — Нідэрланды адмянілі з-за пагрозы выбуху
Таварыскі футбольны матч зборных Нямеччыны і Нідэрландаў у Гановеры быў адменены перад яго пачаткам з-за пагрозы выбуху на стадыёне, паведамляюць еўрапейскія СМІ. Паводле інфармацыі выдання Bild, паліцыянты знайшлі аўтамабіль з выбухоўкай, які быў замаскіраваны пад машыну хуткай дапамогі. Машына нібыта павінна была праехаць на стадыён, дзе маглі запусціць выбуховае прыстасаванне.
Па іншых звестках, на стадыёне “АВД-Арэна” знайшлі падазроны прадмет, які нагадваў бомбу.
Усіх людзей са стадыёна эвакуявалі. Чакалася, што на матчы будзе прысутнічаць канцлер ФРГ Ангела Меркель.
Раней з меркаванняў бяспекі быў адменены матч Бельгія — Іспанія ў Бруге. Такія захады сталі рабіцца пасля серыі тэрактаў у Парыжы, якія адбыліся 13 лістапада.
Фота: AFP