Тэрарысты, АДКБ і Назарбаеў: як ацэньваць сітуацыю ў Казахстане?
Пратэсты ў Казахстане / AP
Падзеі ў Казахстане, дзе мірныя пратэсты супраць падвышэння цэн на газ абярнуліся беспарадкамі і масавым вандалізмам, застаюцца ў цэнтры ўвагі з пачатку года. Як ацэньваць тое, што адбываецца? Меркаванне казахскага палітолага Аскара Нуршы.
Адкуль былі тэрарысты?
Паводле афіцыйнай версіі, беспарадкі і пагромы ў Алматы і іншых гарадах зладзілі тэрарысты, якія рыхтаваліся да больш сур'ёзных нападаў. Але адкуль яны з'явіліся?
— Калі і абмяркоўвалі імавернасць тэрарыстычнай атакі, то ў кантэксце Блізкага Усходу, Афганістана. Ёсць версія, што тэрарысты былі па большай частцы знутры. Калі яны прыйшлі збоку, то не за адзін раз, не за тыдзень, а, цалкам магчыма, гэта быў доўгі працэс на працягу гадоў 5-10.
У Нуршы ёсць свая версія таго, што ў краіне рабілі падрыхтаваныя да баявых дзеянняў мужчыны:
— Я ўсё ж думаю, што гаворка ідзе больш пра баевікоў, якіх "трымалі" прадстаўнікі элітных кланаў у запасе на перыяд транзіту. Усе чакалі фізічнай смерці Назарбаева рана ці позна ў сілу пэўных прычын, эліта да гэтага рыхтавалася. Хто палітычна, хто апаратным высілкам, але былі і тыя, хто назапашваў вайсковыя сілы, былі ўласныя баевікі, у тым ліку радыкальныя экстрэмісты. Іх рыхтавалі на "гадзіну ікс", але, магчыма, яны актываваліся менавіта ў перыяд гэтых падзей.
Не выключана, па словах Нуршы, што колькасць у 20 тысяч тэрарыстаў, агучаная прэзідэнтам Такаевым, завышаная. Паводле яго адчуванняў, у Алматы было каля 1,5-2 тысяч баевікоў.
Знікненне Назарбаева — прыкмета перавароту?
Адно з галоўных пытанняў сёння: дзе Нурсултан Назарбаеў, першы прэзідэнт краіны і "лідар нацыі"? Многія мяркуюць, што яго адсутнасць звязаная з тым, што фактычна падзеі сталі пераваротам і Такаеў "адсунуў" папярэдніка.
— Былі перыяды і больш працяглай адсутнасці Назарбаева. Вядома, апошнім часам яго прысутнасць пачала скарачацца ў эфіры, але, зноў жа, мы знаходзімся ў інфармацыйнай блакадзе, і, увогуле кажучы, дзе Назарбаеў — ключавое пытанне. Калі з ім нешта здарылася, то грамадства павінна гэта ведаць. Калі нічога не здарылася — таксама: чаму ён адсутнічаў, лідар нацыі, у часе найбуйнейшага нападу, як кажуць, тэрарыстаў.
Палітолаг мяркуе, што калі будуць новыя аб'екты, то яны "будуць як лямпы для тэрарыстаў" і іх давядзецца абараняць менавіта казахскаму боку, што не здаецца мэтазгодным.
Развіццё ж падзей у такім ключы (прыцягненне АДКБ, захаванне часткі расійскіх вайскоўцаў), па ягоных словах, магло б прывесці да дрэйфу ўмацавання сувязяў паміж Казахстанам і Расіяй.
Наперадзе — рэформы
Прэзідэнт Такаеў ужо анансаваў шэраг сур'ёзных рэформаў, пры гэтым, па словах палітолага, "адпускаць лейцы" цяпер улады краіны наўрад ці будуць. Праўда, з парай цікавых дэталяў.
— Новыя прызначэнні ва ўрадзе — даволі вядомыя людзі, але гэта другі-трэці эшалон улады, а фігура прэм'ер-міністра выглядае кампраміснай. Такаеў будзе кіраваць урадам у ручным рэжыме. Пры папярэднім урадзе ўзнікала шмат пытанняў, таму што экс-прэм'ер быў самадастатковай фігурай, лаяльнай елбасы... Цяпер, я думаю, усяго гэтага не будзе.
Такаеў не прыхільнік рэвалюцыйных рэформаў, але ў сацыяльна-палітычнай сферы змены будуць ісці досыць рэзка, дадаў ён.
— Увогуле кажучы, Такаеў узяў на сябе адказнасць і зрабіў заяўку на многія смелыя і рашучыя дзеянні. Цікава, што большасць дзеянняў — адносна сям'і Назарбаева. Не выключана, што рэформы Такаева будуць ажыццяўляцца ў нейкай ступені за кошт, не хацеў бы казаць, што пераразмеркавання рэсурсаў, але намёк быў тонкі. Не выключана, што ў ліку сваіх першых крокаў Такаеў пастараецца знізіць эфект шэрагу раздражняльных для насельніцтва фактараў, звязаных з сям'ёй елбасы.
Усё гэта, мяркуе ён, ёсць ускосная прыкмета таго, што ўлада сапраўды паступова пераходзіць да дзейнага прэзідэнта.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.