Толькі 13 прыватных беларускіх школ могуць выдаваць атэстаты
У Беларусі толькі 13 прыватных школаў маюць права выдаваць сваім выпускнікам дакументы аб адукацыі. Такую лічбу ў інтэрв'ю агенцтву БЕЛТА назваў міністр адукацыі Андрэй Іванец.
Чыноўнік падкрэсліў, што новы Кодэкс аб адукацыі дазваляе фінансаваць прыватныя школы і дзіцячыя сады з бюджэту — як і дзяржаўныя. Але для гэтага трэба выконваць патрабаванні Міністэрства адукацыі.
Адно з іх — акрэдытацыя, якую выдае Дэпартамент кантролю якасці адукацыі.
"А рэальна сярэдніх школ у нашай краіне, якія зарэгістраваныя ў адзіным Дзяржрэестры юрыдычных асоб, некалькі соцень, але яны не прыйшлі ў Дэпартамент па акрэдытацыю. Ім не патрэбны гэты сертыфікат? З 1 верасня ён ім спатрэбіцца, таму што яны не будуць мець права выдаваць дакументы аб адукацыі, а мы не зможам потым перавесці гэтае дзіцяці ў дзяржаўную ўстанову. Гэта ў першую чаргу важна разумець бацькам, калі яны аддаюць сваё дзіця вучыцца", — абурыўся чыноўнік.
Між тым, 29 жніўня чыноўнікі Мінадукацыі паведамілі, што ў мінулым навучальным годзе ў Беларусі былі не сотні, а толькі 25 недзяржаўных або прыватных сярэдніх школаў. У іх навучаліся 2,7 тысячы вучняў — з агульнай колькасці ў 1,66 мільёна навучэнцаў.
Сёлета планавалася адчыніць 35 прыватных школаў. Такім чынам, акрэдытацыю атрымала толькі кожная трэцяя прыватная школа.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.