“Толькі не кажы нікому”: як Польшча перажывае педафільскі скандал у Касцёле
Фільм польскіх журналістаў Томаша і Марэка Сякельскіх "Толькі не кажы нікому" пра педафілаў у сутанах раскалоў польскае грамадства. Двудушша польскага касцёла і яго святароў абмяркоўваюць у сацсетках і на інтэрнэт-форумах, дыскусія пра стужку разгарнулася ў асноўных польскіх выданнях.
Правыя медыі пішуць, што фільм — "шанец для касцёла", што яго трэба ўспрымаць не як атаку на касцёл, а хутчэй як імпульс да яго ачышчэння. Такога меркавання прытрымліваецца і Томаш Сякельскі. Галоўнае ліберальная выданне “Газета Выборча" матэрыял пра чатырох каталіцкіх іерархаў, якія ведалі пра злачынствы святароў, але не прынялі захадаў, назвала "Нікому не сказалі".
Фільм, сродкі на які збіралі праз краўдфандынг, толькі за пяць дзён паглядзела 17 млн чалавек. Група святароў і свецкіх асобаў выправілася да Папы Францішка I — людзі хочуць, каб Пантыфік паглядзеў фільм і адрэагаваў на педафілію у польскім Касцёле. Імёны тых, хто паехаў да кіраўніка каталіцкай царквы, трымаюцца ў таямніцы.
Папа сапраўды можа ўмяшацца ў сітуацыю. Такі досвед Касцёл мае — гэта далёка не першы скандал. Праз яго каталіцкая царква праходзіла ў ЗША, Аўстраліі, Ірландыі, Бельгіі, Галандыі, Нямеччыне, Швейцарыі. У гэтых краінах грахі святарам-педафілам "адпускалі" спецыяльныя незалежныя камісіі, а ў Чылі па просьбе Папы была задзейнічаная і судовая сістэма.
У Польшчы дыскусія абмяжоўваецца чаканнем рэакцый з боку царкоўных уладаў — пакаранняў, пазбаўлення сану, ізаляцыі ад грамадства. Ключавое пытанне: чаму педафілы ў сутанах не сядзяць на лаве падсудных — не ўзнімаецца.
Што праўда, міністр юстыцыі Збігнеў Зёбра прапануе павялічыць крымінальную адказнасць за гвалт над непаўнагадовымі да 30 гадоў. Але і цяпер пакаранне за гэтае злачынства немалое — да 25 гадоў. Што зменяць дадатковыя пяць гадоў? Апаненты ўлады бачаць праблему ў тым, што ў дзяржаўных рэестрах педафілаў няма ксяндзоў. Палітыкі адхрышчваюцца: не яны вызначаюць, хто трапляе ў “чорны спіс”, а суды.
Польская грамадская арганізацыя "Не бойцеся" (назва паходзіць ад словаў, з якімі Ян Павел ІІ звярнуўся да вернікаў у Рыме ў 1978 годзе. — Еўрарадыё) не першы год палюе на ксяндзоў-педафілаў. І сёлета фундацыя скіравала Папу Францішку I справаздачу пра сексуальнае злачынствы святароў у Польшчы. У інтэрнэце можна знайсці інтэрактыўную мапу, дзе пазначаныя выпадкі гвалту святароў над дзецьмі. Там пазначаныя 384 ахвяры і 85 крыўдзіцеляў, якія былі асуджаныя, 88 выпадкаў, пра якія пісалі СМІ, 95 сведчанняў пацярпелых. У рапарце фундацыі гаворыцца, што колькасць ахвяр можа быць значна большай, бо ў Польшчы Касцёл знаходзіцца прывілеяваным становішчы, а сексуальны гвалт застаецца там табуяванай тэмай.
Ці зменіцца сітуацыя?
Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда ў сваім твітэры праз два дні пасля прэм’еры напісаў, што фільм на яго зрабіў моцнае ўражанне: "З педафіліяй мы мусім змагацца бескампрамісна і паўсюдна".
Film robi wrażenie. Jedno jest pewne. Z pedofilią musimy walczyć bezwzględnie i wszędzie. Wszędzie tam, gdzie osoba dorosła może w ohydny sposób skrzywdzić dziecko. Szkoła, kolonie, harcerstwo, oaza, inne organizacje. Zero tolerancji! Patrz uważnie! Rozmawiaj ze swoim dzieckiem!
— Andrzej Duda (@AndrzejDuda) May 13, 2019
Вось толькі нязручныя пытанні Касцёлу задаюць зусім не дзяржаўныя інстытуты ці палітыкі.
Незадоўга да дакументалкі братоў Сякельскіх рэйтынгі польскага кінапракату пабіла мастацкая стужка рэжысёра Войцеха Смажоўскага “Клер”, таксама прысвечаная таму, як духоўная асобы паддаюцца “мірскім” грахам.
Смажоўскі зазначыў, што "Клер" — гэта "кропля, якая камень точыць”, а фільм Сякельскіх — "струмень". Рэжысёр дадае, што цяпер немагчыма рабіць выгляд, што педафілія ў Касцёле — гэта фікцыя. Цяпер вядомыя канкрэтныя твары канкрэтных святароў.
Праз некалькі дзён пасля прэм’еры “Толькі не кажы нікому” адзін з герояў фільма, ксёндз Дарыюш Алейнічак папрасіў Папу Рымскага пазбавіць яго сану. Нягледзячы на тое, што з-за разбэшчвання непаўнагадовых суд пажыццёва забараніў яму набліжацца да дзяцей, у фільме відаць, што святар праводзіць рэкалекцыі [малітвы з мэтай амаладжэння, абнаўлення пачуццяў. — Еўрарадыё] для дзяцей і моладзі.