Топ-5: навіны 7 чэрвеня
Жанчыну, якая зняла на відэа жорсткае затрыманне ў метро, аштрафавалі
Жанчыну, якая зняла на відэа жорсткае затрыманне ў мінскім метро, аштрафавалі на 230 рублёў. 7 чэрвеня суд Цэнтральнага раёна пакараў Людмілу Сінюк за “нецэнзурную лаянку ў грамадскім месцы”.
Раніцай у сераду, калі жанчына ішла на працу, яе спынілі трое міліцыянтаў. Яны і павезлі жанчыну ў суд.
Нагадаем, што відэаролік, на якім ахоўнікі метрапалітэна і міліцыянты ўшасцёх затрымалі маладога чалавека, выклікаў вялікі рэзананс у інтэрнэце. Па версіі міліцыі, малады чалавек быў нецвярозы, а калі яго спрабавалі адвесці ў пакой міліцыі, ён зламаў нос праваахоўніку.
У сталічнай сядзібе партыі БНФ адключылі святло. Прычына ў камунальных запазычанасцях у 3 тысячы рублёў. У выніку кіраўніцтва партыі вырашыла часова зачыніць офіс.
А вось рух “За свабоду” з-за фінансавых цяжкасцей увогуле адмовіўся ад арэнды офісу і пакуль працуе без памяшкання. З гэтай нагоды Еўрарадыё высветліла, за якія сродкі жывуць палітычныя партыі.
Праваабаронцы патрабуюць вызваліць затрыманых па "справе патрыётаў". З адкрытым зваротам да праваахоўных органаў выступілі 7 арганізацый. Сярод іх (зачынены ўладамі) Праваабарончы цэнтр “Вясна”, Беларуская асацыяцыя журналістаў, а таксама “Беларускі Хельсінкскі камітэт”.
Нагодай для звароту сталі прызнанні нядаўна выпушчанага з-за кратаў апазіцыянера Сяргея Кунцэвіча, які заявіў, што ў будынку КДБ яго катавалі.
Праваабаронцы патрабуюць, каб Следчы камітэт праверыў агучаныя Кунцэвічам звесткі і прыцягнуў вінаватых да крымінальнай адказнасці. А 14 чалавек, затрыманых па "справе патрыётаў", прапануецца неадкладна вызваліць з-пад варты, каб прадухіліць магчымыя катаванні.
У беларускіх школах ды гімназіях да новага навучальнага года з'явіцца 41 новы падручнік. Найбольш кніг перавыдадуць для сёмага і першага класаў. Пра гэта Еўрарадыё распавяла прэс-сакратарка Міністэрства адукацыі Людміла Высоцкая.
Кожны трэці беларус не ўжывае спіртныя напоі і вядзе абсалютна цвярозы лад жыцця. Пра гэта сведчаць вынікі ананімнага анкетавання, які правёў Інстытут сацыялогіі Нацыянальнай акадэміі навук.
Па дадзеных сацыёлагаў, піва ўжываюць толькі 16% удзельнікаў анкетавання. Нават моцныя алкагольныя напоі п’юць больш за 20% апытаных беларусаў.