Топ-менеджара з Кіраўніцтва справаў Лукашэнкі судзяць за хабар

Дзмітрый Рыбко / udp.gov.by
13 лютага ў судзе Ленінскага раёна Мінска пачынаецца карупцыйны працэс, па якім праходзіць высокапастаўлены чыноўнік. Пад судом апынуліся былы першы намеснік кіраўніка справаў Лукашэнкі Дзмітрый Рыбко і прадпрымальнікі Віталь Віннічак і Алег Хамутоўскі.
Справа датычыць атрымання ад бізнесоўцаў хабару ў вялікім памеры, а таксама злоўжывання службовым становішчам. Максімальнае пакаранне па гэтых артыкулах — 15 гадоў зняволення.
Як адзначае Радыё Свабода, інфармацыя пра справу закрытая, суд таксама пройдзе ў закрытым рэжыме.
Вядома, што Дзмітрыя Рыбко арыштавалі больш за год таму, у студзені 2024-га. Чыноўніку 50 гадоў, у сістэме Кіраўніцтва справаў ён адпрацаваў 20 гадоў. На пасадзе першага намесніка кіраўніка справаў ён паспеў папрацаваць 1 год і 4 месяцы.
Самым гучным карупцыйным скандалам у Кіраўніцтве справаў Лукашэнкі адзначылася яго былая кіраўніца Галіна Жураўкова. У 2005 годзе яе асудзілі за крадзеж больш як 2 мільёнаў долараў праз злоўжыванне службовым становішчам. Хаця Жураўковай прысудзілі 4 гады зняволення, за краты яна так і не адправілася, бо неўзабаве Лукашэнка памілаваў яе сваім указам. Чыноўніца адбыла толькі чатыры месяцы ў следчым ізалятары і некалькі месяцаў пад падпіскай аб нявыездзе, пасля чаго выехала ў Расію.
Разам з Жураўковай судзілі падпарадкаваных ёй кіраўнікоў дзяржпрадпрыемства "Белая Русь" Аляксандра Мурашку і Юрыя Матусевіча. Ім таксама прысудзілі па 4 гады зняволення. У адрозненне ад Жураўковай яны адбывалі пакаранне ў калоніі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.