Торапава пра Шчэрбу і Гуцу: Гвалту пры мне не было. Мы жылі ў адным нумары

Торапава пра Шчэрбу і Гуцу: Гвалту пры мне не было. Мы жылі ў адным нумары

Двухразовая чэмпіёнка свету і вядомая ўкраінская гімнастка Таццяна Гуцу нечакана заяўляе, што 27 гадоў таму яе, 15-ці гадовую, згвалціў гімнаст Віталь Шчэрба. Па словах Таццяны, гэта нібыта здарылася ў Штутгарце на спаборніцтвах 1991 года.

"Я адважылася на гэта пасля 27 гадоў... Віталь Шчэрба. Монстр, які столькі гадоў трымаў мяне ў маёй уласнай турме страху. Я ведаю, што вы будзеце спрабаваць абараніць сябе. Але мае дэталі значна мацнейшыя, чым вашы словы. Я цяпер моцная як ніколі. І вам мяне больш не зламаць. Гэтая гісторыя маёй Папялушкі", — напісала Таццяна Гуцу ў Фэйсбуку.

Пры гэтым яна абвінавачвае спартсменку Таццяну Торапаву, якая, нібыта ўсё бачыла, але нічога не зрабіла. Еўрарадыё звязалася з Торапавай, яна цяпер жыве ў Бішкеку, працуе трэнеркай.

Торапава пра Шчэрбу і Гуцу: Гвалту пры мне не было. Мы жылі ў адным нумары
Таццяна Торапава, фота - з акаунта ў фэйсбуку Таццяны

Еўрарадыё: Вы ўжо бачылі заяву гімнасткі Таццяны Гуцу наконт згвалтавання?

Таццяна Торапава: Я ў шоку, настолькі крыўдна! Я была такім жа дзіцём, як яна, прычым тут я?! Пры мне нічога такога не адбывалася. Сяброўскія адносіны паміж сабой у Шчэрбы і Гуцу былі. Але такога я не бачыла. Таццяна мне, напэўна, сказала б, што яе нехта дамагаецца.

Еўрарадыё: Калі ў чалавека ў жыцці такое адбываецца, гэта стрэс. Было такое, што ў Таццяны змяняўся настрой?

Таццяна Торапава: Калі б у яе нейкі стрэс быў, яна б трэнеру паскардзілася. Чаго ёй баяцца? Мы былі не першы дзень усе знаёмыя паміж сабой, сябравалі. Мужчынская палова ніколі нас не крыўдзіла.

Еўрарадыё: Чаму яна піша, што вы ўсё маглі чуць?

Таццяна Торапава: Мы жылі ў адным нумары з Таццянай Гуцу. Я не бачыла, каб у іх была сексуальная сувязь. Можа, нейкія пацалункі былі. Аднойчы я па-сяброўску прасіла Віталя Шчэрбу сысці з пакоя. Тады Таццяна і Віталь прыйшлі ў наш нумар пасля ўдалых спаборніцтваў, засядзеліся позна, таму я і папрасіла сысці. Каб нейкі гвалт быў ці грубасць, я такога не бачыла. Ён тады без праблем сышоў у свой нумар. Я ж не сляпая, не глухая. Няўжо я б назірала за гэтай сітуацыяй і дала б такому адбыцца!? Мы ж у адной зборнай, навошта яму такія праблемы…

Еўрарадыё: Калі нічога не было, чаму цяпер такі скандал?

Таццяна Торапава: Я не ведаю. Мы з Таццянай цяпер блізкіх адносінаў не падтрымліваем, так, праз Фэйсбук хіба спісваемся. Блізка нічога не было тады, каб яна скардзілася ці плакалася. Адносіны з ёй у мяне ніколі не былі складанымі. Пасля таго турніру таксама, мы нармальна камунікавалі. Калі б яна на мяне была пакрыўджаная, яна б са мной не размаўляла ўвесь гэты час.

Торапава пра Шчэрбу і Гуцу: Гвалту пры мне не было. Мы жылі ў адным нумары
Таццяна Гуцу і Віталь Шчэрба

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі