Трагедыя ў Стоўбцах: усё, што вядома пра напад з нажом на школу №2
Еўрарадыё
Раніцай 11 лютага ў стаўбцоўскай сярэдняй школе №2 16-гадовы вучань напаў з нажом на настаўніцу і трох школьнікаў. Жанчына і 11-класнік загінулі, двое аднакласнікаў нападніка цяпер у лякарні. Еўрарадыё сабрала ўсю інфармацыю, якая вядомая аб трагедыі ў Стоўбцах на дадзены момант.
Паводле дадзеных Следчага камітэта, забойца прыйшоў у клас у 7.40. Ён пакінуў заплечнік, выйшаў хвілін на 10, вярнуўся і ўдарыў нажом настаўніцу гісторыі і грамадазнаўства. Яго паспрабавалі супакоіць двое аднакласнікаў, але таксама атрымалі ўдары нажом. Пасля гэтага хлопец выйшаў у калідор, забег у адзін з класаў і смяротна параніў нажом 11-класніка.
Нападнік паспрабаваў схавацца, але праз 2 гадзіны яго затрымалі ў пад'ездзе дома на вуліцы Свярдлова.
Матывы школьніка, які ўчыніў разню, незразумелыя. Апытаныя Еўрарадыё знаёмыя падлетка мяркуюць, што прычынай маглі паслужыць дрэнныя адзнакі ў школе. Да 9-га класа Вадзім вучыўся вельмі добра, аднак затым яго паспяховасць пайшла ўніз. Акрамя таго, хлопец пачаў курыць і ўжываць алкаголь.
Мяркуючы па афіцыйных паведамленнях праваахоўнікаў, галоўнай мэтай нападніка была менавіта настаўніца, а ўсе астатнія сталі выпадковымі ахвярамі. Пра загінулую 50-гадовую выкладчыцу гісторыі Марыну Пархімовіч вучні і калегі адгукаюцца вельмі добра. Яна адна з тых, хто рыхтаваў "алімпіяднікаў".
Сям'я нападніка характарызуецца станоўча, у сацыяльна небяспечным становішчы не знаходзілася. Бацька і маці хлопца працуюць у мясцовай ЖКГ.
Двое пацярпелых школьнікаў знаходзяцца ў Стаўбцоўскай раённай бальніцы. Іх ужо прааперавалі, стан ацэньваецца як стабільна цяжкі.
Гэта не першы выпадак у Беларусі, калі падлетак робіць спробу масавага забойства.
Паводле афіцыйнай версіі, 23 мая 2016 года дзевяцікласнік Данат Скакун зайшоў у клас рускай мовы і літаратуры і напаў з нажом на настаўніцу Валянціну Губарэвіч. Матывам нападу лічацца нізкія ацэнкі, якія Данат атрымаў напярэдадні.
Даната Скакуна асудзілі на восем гадоў зняволення. Бацькі хлопца абскардзілі прысуд у Вярхоўным судзе, але безвынікова. Зброю, якой хлопец нібыта наносіў удары настаўніцы, не знайшлі. Вынікі следства многія лічаць непераканаўчымі, а прысуд — несправядлівым.
У кастрычніку 2016 года ў Мінску 17-гадовы на той момант Уладзіслаў Казакевіч напаў з бензапілой на людзей у гандлёвым цэнтры "Еўропа". Тады загінула 43-гадовая жанчына, яшчэ дзве жанчыны атрымалі раненні. Хлопца асудзілі на 15 гадоў турмы. Пазней ён напаў на ахоўнікаў калоніі, за што да першага тэрміну яму дадалі яшчэ 7 гадоў пазбаўлення волі.