Трампа чакае (чарговы) суд, немцы пачалі менш піць піва — #ІхНоравы
Што абмяркоўваюць у свеце? Галоўнае — у нашым аглядзе міжнародных навін / калаж Улада Рубанава
Былога прэзідэнта будуць судзіць за спробу падману на выбарах 2020 года. Не, гэта зноў навіна не пра Беларусь. Падрабязнасці чытайце ў нашым традыцыйным аглядзе міжнародных навінаў.
Трампа будуць судзіць. Яшчэ раз?
Экс-прэзідэнту ЗША Дональду Трампу выставілі афіцыйнае абвінавачанне ў злачынстве супраць Злучаных Штатаў і іх грамадзян — праз спробу падманам змяніць вынікі прэзідэнцкіх выбараў 2020 года. Трампу загадана з'явіцца ў суд у Вашынгтоне ў чацвер, 3 жніўня.
Прэм'ер-міністарка Італіі Джорджа Мелоні падала ў суд на вакаліста музычнага гурта Placebo. На пачатку ліпеня Браян Молка назваў яе “фашысткай, расісткай і нацысткай”.
Рокер абразіў Мелоні падчас канцэрта ў Турыне. Молка выступіў са сцэны з некалькімі зваротамі, у тым ліку з падтрымкай правоў небінарных персон і трансгендараў.
Пракуратура пачала расследаванне. Максімальны штраф за “паклёп на Рэспубліку” складае 5 тысяч еўра.
Джорджа Мелоні — першая жанчына, якая стала прэм'ер-міністаркай у Італіі. Яна прадстаўляе кансерватыўную партыю “Браты Італіі”, якую часта называюць ультраправай. У 2019 Мелоні выступала супраць аднаполых шлюбаў і падтрымлівала традыцыйныя сямейныя каштоўнасці.
Немцы пераходзяць на безалкагольнае піва
Напярэдадні Міжнароднага дня піва 4 жніўня нямецкае статыстычнае ведамства паведаміла, што вытворчасць безалкагольнага піва ў краіне за 10 гадоў амаль падвоілася.
Так, летась зварылі 474 млн літраў безалкагольнага піва, а ў 2012-м — крыху менш за 242 мільёны літраў.
Піва з алкаголем, вядома, па-ранейшаму вырабляецца значна больш: у 2022 годзе бровары Германіі вырабілі 7,6 млрд літраў алкагольнага піва. Аднак увогуле вытворчасць алкагольнага піва ў Германіі за апошнія 10 гадоў упала на 12%.
Нягледзячы на тое, што па аб'ёмах вытворчасці алкагольнае піва лідзіруе, цікавасць да яго ў немцаў відавочна знізілася. У першым паўгоддзі 2023 года, паводле звестак статыстычнага ведамства, нямецкія бровары прадалі піва на 2,9% менш, чым за аналагічны перыяд мінулага года.
Эксперты лічаць, што прычына гэтага — у старэнні насельніцтва ў Германіі і імкненні немцаў да здаравейшага ладу жыцця.
Траціна амерыканцаў падтрымлівае адпраўку войскаў ЗША ва Украіну
Амаль траціна жыхароў ЗША падтрымлівае адпраўку амерыканскіх войскаў на вайну ва Украіне. Пра гэта сведчаць дадзеныя сацапытання, праведзенага Redfield & Wilton Strategies для Newsweek.
За адпраўку кантынгенту выказаўся 31% выбаршчыкаў. Чвэрць рэспандэнтаў не падтрымала і не запярэчыла, а 34% выступілі супраць. Крыху менш за 10% не вызначылася з адказам.
Адзначаецца, што найбольшы працэнт падтрымкі — сярод моладзі і людзей сярэдняга ўзросту. Так, 47% апытаных ва ўзросце ад 27 да 42 гадоў заявілі, што яны падтрымліваюць ці рашуча падтрымліваюць адпраўку амерыканскіх войскаў ва Украіну. Таксама ўсяго 4% рэспандэнтаў ва ўзросце ад 18 да 26 гадоў заявілі, што яны катэгарычна супраць адпраўкі амерыканскіх войскаў.
Раней у Вашынгтоне заявілі, што ніводны амерыканскі салдат не ўдзельнічае ў баявых дзеяннях. Паводле прадстаўніка Белага дома Джона Кірбі, ва Украіне прысутнічае толькі невялікая колькасць амерыканскіх вайскоўцаў, аднак яны прыцягнутыя выключна для аховы пасольства ЗША ў Кіеве і прадстаўніцтва апарату ваенных аташэ ва Украіне.
У той жа час ЗША працягвае падтрымліваць Украіну зброяй. Кошт аказанай ваеннай дапамогі ўжо перавысіў 40 мільярдаў долараў. У ЗША заяўлялі, што будуць падтрымліваць Украіну да таго часу, пакуль Расія не выведзе свае войскі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.