Супраць Трампа зноў выставілі абвінавачванні. Цяпер — у спробе скасаваць выбары

Дональд Трамп / Reuters

Дональд Трамп / Reuters

У трэці раз за апошнія чатыры месяцы Дональд Трамп павінен рэагаваць на абвінавачванні па крымінальнай справе. Гэтым разам яго абвінавачваюць у спробе скасаваць выбары прэзідэнта ў ЗША ў 2020 годзе, піша Reuters.

У абвінаваўчым заключэнні — 4 пункты і 45 старонак. На думку пракурораў, рэспубліканец Трамп спрабаваў зладзіць змову, перашкодзіць Кангрэсу пацвердзіць перамогу дэмакрата Джо Байдэна, і ў выніку — пазбавіць выбаршчыкаў іх права на сумленныя выбары. Трамп тады быў прэзідэнтам і выстаўляў прыдуманыя абвінавачванні ў махлярстве, ціснуў на чыноўнікаў, уключаючы віцэ-прэзідэнта Майка Пэнса, каб той змяніў вынікі і, урэшце, справакаваў гвалтоўны напад на Капітолій ЗША. Так лічаць пракуроры. На іх думку, усё гэта было зроблена, каб утрымацца ва ўладзе.

"Напад на Капітолій нашай краіны 6 студзеня 2021 года быў беспрэцэдэнтным нападам на аплот амерыканскай дэмакратыі. Як апісана ў абвінаваўчым заключэнні, гэта было выклікана хлуснёй — хлуснёй адказчыка, накіраванай на тое, каб перашкодзіць асноватворнай функцыі ўрада ЗША", — цытуе Reuters спецыяльнага адваката Джэка Сміта. Яго прызначыў на гэтую справу генпракурор ЗША Мэрык Гарланд. Сміт настойвае, што за той гвалт, які здарыўся ў Капітоліі, нясе адказнасць Трамп.

Агенцтва нагадвае, што Трамп стаў першым былым прэзідэнтам ЗША, якому выставілі крымінальныя абвінавачанні. Раней Трампа ўжо абвінавацілі ў незаконным захоўванні сакрэтных урадавых дакументаў і ўчынненні перашкоды правасуддзю. Пракуроры казалі пра тое, што ён рызыкаваў сакрэтамі нацыянальнай бяспекі ЗША. Трамп тады віны не прызнаў. А яшчэ раней у дачыненні да Трампа выставілі абвінавачанне ў фальсіфікацыі дзелавых запісаў, каб захаваць у таямніцы грашовыя выплаты порназорцы напярэдадні выбараў 2016 года.

Між тым Дональд Трамп збіраецца балатавацца ў прэзідэнты ЗША.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі