Палата прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША прагаласавала за імпічмэнт Трампа

Спікер Палаты прадстаўнікоў ЗША Нэнсі Пэласі з рэзалюцыяй аб імпічменце Дональду Трампу​ / Reuters
Спікер Палаты прадстаўнікоў ЗША Нэнсі Пэласі з рэзалюцыяй аб імпічменце Дональду Трампу​ / Reuters

За рэзалюцыю аб імпічменце дзейнага прэзідэнта Дональда Трампа прагаласавалі 232 чальцы Палаты прадстаўнікоў Кангрэса ЗША, 197 заканадаўцаў выказаліся супраць.

Падставай для імпічменту сталі выказванні Трампа перад яго прыхільнікамі ля Кангрэса ЗША 6 студзеня. На думку аўтараў рэзалюцыі, менавіта пасля яго слоў пачаўся штурм Капітолія, дзе ў гэты час зацвярджалі вынікі прэзідэнцкіх выбараў. Перамогу на выбарах атрымаў Джозэф Байдэн.

Аўтары рэзалюцыі перакананыя, што Трамп свядома падбухторваў сваіх прыхільнікаў "да гвалту ў дачыненні да органаў улады Злучаных Штатаў" і тым самым "прадэманстраваў, што застанецца пагрозай для нацыянальнай бяспекі, дэмакратыі і канстытуцыі, калі яму будзе дазволена застацца на сваёй пасадзе".

Галасаванне ў Палаце прадстаўнікоў — гэта толькі першы крок, па сутнасці, фармулёўка абвінаваўчага заключэння. Разгляд справы па сутнасці павінен адбыцца ў Сенаце. Каб прэзідэнт быў адхілены ад пасады, за гэта павінны прагаласаваць не менш за дзве траціны сенатараў.

Трампу ўжо аднойчы спрабавалі абвясціць імпічмент — у 2019 годзе. Тады Палата прадстаўнікоў, дзе большасць складаюць дэмакраты, таксама прагаласавала за адхіленне ад улады прэзідэнта-рэспубліканца, але Сенат не падтрымаў працэдуру.

Ужо пасля галасавання ў Палаце прадстаўнікоў Трамп звярнуўся да амерыканцаў. Ролік апублікаваны ў Twitter на старонцы Белага дома.

Некаторыя амерыканскія СМІ сцвярджалі, што дзеючы прэзідэнт вырашыў запісаць відэазварот у сувязі з праведзеным галасаваннем, але аб імпічменце Трамп не казаў. Ён заклікаў амерыканцаў згуртавацца і "пераадолець імгненныя страсці".

"Давайце зробім выбар на карысць таго, каб рухацца наперад, аб'яднаўшыся, на карысць нашых сем'яў, грамадства і нашай краіны", — сказаў Трамп.

Акрамя таго, ён заявіў, што ўдзельнікі беспарадкаў ля Кангрэса ЗША 6 студзеня павінны паўстаць перад правасуддзем. Трамп таксама сказаў, што распарадзіўся выкарыстаць усе рэсурсы для падтрымання грамадскага парадку ў краіне ў сувязі з акцыямі пратэсту, якія рыхтуюцца, а таксама запэўніў, што яго адміністрацыя робіць усё магчымае, каб інаўгурацыя Джозэфа Байдэна прайшла бяспечна.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі