Трампу пагражае імпічмент. Прычым тут Зяленскі?

Трампу пагражае імпічмент. Прычым тут Зяленскі?

Дэмакраты ў Кангрэсе ЗША запусцілі працэс імпічмента Дональда Трампа. Прычынай называюцца спробы амерыканскага прэзідэнта прымусіць улады Украіны расследаваць дзейнасць Джо Байдэна, патэнцыйнага саперніка Трампа на выбарах 2020 года. Дэмакраты, якія кантралююць Палату прадстаўнікоў, абвінавачваюць прэзідэнта ў злоўжыванні службовым становішчам, інфармуе "Бі-Бі-Сі".

Трампу пагражае імпічмент. Прычым тут Зяленскі?
Нэнсі Пэласі / Reuters

Пра пачатак расследавання, наступствам якога можа стаць галасаванне аб імпічменце, аб'явіла спікер палаты Нэнсі Пэласі. Дональд Трамп назваў гэтую ініцыятыву "паляваннем на ведзьмаў".

Скандал пачаўся пасля публікацый у шэрагу ўплывовых амерыканскіх СМІ аб скарзе неназванага супрацоўніка спецслужбы на прэзідэнта ЗША. Гаворка ішла пра тэлефонную размову з лідарам нейкай замежнай дзяржавы. Трамп нібыта ціснуў на яго і высоўваў шэраг патрабаванняў. Сумненняў не было, што гэта была размова з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім. Дональд Трамп паабяцаў апублікаваць стэнаграму размовы з Зяленскім, і ўкраінскі бок даў на гэта згоду. Амерыканскі прэзідэнт сцвярджае, што там няма ніякага "крыміналу".

Трампу пагражае імпічмент. Прычым тут Зяленскі?
Уладзімір Зяленскі / Reuters

Як мог ціснуць Трамп на Зяленскага? Вядома, што прэзідэнт ЗША затрымаў на два месяцы 400 млн долараў вайсковай дапамогі Украіне. Ён патлумачыў гэта не жаданнем атрымаць ад украінскага прэзідэнта нейкіх саступак, а планамі дамагчыся ад ЕС павелічэння дапамогі Кіеву (Дональд Трамп лічыць, што ЗША больш дапамагаюць Украіне, чым Еўропа).

Для таго, каб Палата прадстаўнікоў аб'явіла імпічмент Трампу, патрэбна простая большасць галасоў. Далей справу будзе разглядаць Сенат, а там ужо патрэбны 2/3 галасоў. Вядома, што сярод сенатараў большасць складаюць рэспубліканцы.

У гісторыі ЗША парламент ініцыюе пачатак працэдуры імпічмента супраць дзейнага прэзідэнта толькі чацвёрты раз. Раней у такіх сітуацыях былі Рычард Ніксан, Эндру Джонсан і Біл Клінтан. У выніку ў адстаўку датэрмінова адправілі толькі першага з іх.

Тым часам у рамках Генасамблеі ААН можа прайсці сустрэча Зяленскага і Трампа. Амерыканскага прэзідэнта збіраюцца запрасіць з афіцыйным візітам ва Украіну.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі