Транзіт у Калінінград праз Літву зноў можа быць спынены
Транзіт у Калінінград праз Літву быў адноўлены толькі ў канцы ліпеня / РІА "Новости"
Літоўскі "Шаўляй-банк", праз які праходзілі плацяжы за калінінградскі транзіт, спыняе ўсе аперацыі з Расіяй. Пра гэта заявіла ў эфіры Радыё LRT прадстаўніца асацыяцыі банкаў Літвы Валерыя Кігуалене.
"Шаўляй-банк" з сённяшняга дня спыняе разліковыя аперацыі з Расіяй у рублях, а з 1 верасня — ва ўсіх валютах. Кліенты пра гэта праінфармаваныя загадзя", — сказала прадстаўніца банка.
Раней губернатар Калінінградскай вобласці Антон Аліханаў звяртаў увагу, што Вільня цэнтралізавала ўсе плацяжы за расійскі транзіт — іх можна было правесці толькі праз адзін банк. Калі "Шаўляй-банк" перастане прымаць плацяжы, то "літоўцы будуць нас альбо бясплатна прапускаць — у чым я сумняваюся, — альбо перастануць прапускаць", казаў раней Аліханаў.
Пры гэтым у Вільні адзначаюць, што рашэнне спыніць аперацыі з Расіяй прымаюць самі банкі, і дзяржава паўплываць на іх не можа.
Складанасці з транзітам расійскіх грузаў у Калінінград праз Літву ўзніклі пасля ўвядзення чарговага пакета санкцый. Прычым гаворка ішла пра перавозку толькі тых тавараў, якія знаходзяцца пад еўрапейскімі санкцыямі. Дадатковых абмежаванняў Вільня не ўводзіла. Аднак затым бакам удалося дамовіцца пра аднаўленне транзіту.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.