Транзітныя войны: Расія гатовая, а Беларусь сама пацерпіць ад пагроз на адрас ЕС
Расійскім партнёрам нявыгадныя інтрыгі беларускіх уладаў / oilcapital.ru
Еўропа можа абысціся без беларускага транзіту нафты і газу, а любыя маніпуляцыі беларускіх уладаў з гэтай нагоды ўдараць у першую чаргу па Беларусі і яе адносінах з Расіяй.
Беларусь перакрыла ветку нафтаправода "Дружба", якая вядзе ў Польшчу, 17 лістапада. Тлумачыцца ўсё пазапланавым рамонтам прыкладна на тры дні. Аб'ёмы па транспартаванні нафты ў Еўропу на месяц пакуль не карэктаваліся.
Пазапланавыя рамонты — нармальная сітуацыя, аднак гэта адбылося пасля пагроз Лукашэнкі перакрыць Еўропе газ і на фоне абвастрэння міграцыйнага крызісу. Для беларускіх уладаў транзіт нафты і газу не раз быў козырам для палітычных маніпуляцый.
Еўрарадыё даведалася ў экспертаў, хто страціць больш ад спынення прапампоўкі па Беларусі і ці стане Расія падтрымліваць транзітныя войны Беларусі з Еўропай.
Абысціся можна і без "Дружбы"
Калі закрыты польскі кірунак нафтаправода "Дружба", значыць, Германія таксама не атрымае нафты.
— Цалкам магчыма, што нейкая тэхнічная непрыемнасць была на гэтай ветцы. Нічога ненатуральнага і надзвычайнага ў гэтым няма. Але на фоне палітычных падзей гэта ўсё-ткі насцярожвае, — кажа партнёр кансалтынгавай кампаніі RusEnergy аналітык Міхаіл Круціхін. — Калі гэта зацягнецца, могуць узнікнуць пытанні да аператара веткі "Дружба".
Пакуль пра страты праз перакрыццё веткі гаварыць рана, бо тры дні — гэта невялікі тэрмін, а план на месяц не карэктаваўся.
Аналітык дапускае, што сітуацыя можа вырашыцца непрадказальна і рамонт раптам зацягнецца. Да гэтага ў Расіі даўно падрыхтаваліся.
— Так званая Балтыйская трубаправодная сістэма — 2. У выпадку чаго можна наогул не прапампоўваць нафту праз Беларусь, а пусціць яе на Балтыку, адпраўляць танкерамі праз Усць-Лугу. Так што Расія сябе засцерагла ад такіх фокусаў з боку Мінска.
На думку намесніка кіраўніка эканамічнага дэпартамента расійскага Інстытута энергетыкі і фінансаў Сяргея Кандрацьева, абмяжоўваць транзіт нафты, напрыклад, некалькі месяцаў будзе цяжка і найбольш балюча для самой Беларусі. Бо гэта страты выручкі "Гомельтранснафта Дружбы". Летась яна склала 619,1 млн рублёў.
— У Расіі ёсць прафіцыт трубаправодных магутнасцяў. І магутнасцяў, якія дазваляюць перакідваць транзіт на іншыя кірункі.
Пастаўкі ў Польшчу і Германію па БТС-2 не прывядуць да сур'ёзных страт для расійскіх кампаній, упэўнены эксперт.
— Вырастуць расходы, звязаныя з перавалкай і арганізацыяй такіх замяшчальных паставак. Але гэта здзяйсняльна, і Польшча звярталася да такога роду дзеянняў, калі была сітуацыя з бруднай нафтай. Пастаўкі па "Дружбе" былі абцяжараныя досыць доўгі час.
Чым больш будзе праблем з Беларуссю, тым больш магчыма, што еўрапейскія спажыўцы будуць мяняць маршруты паставак энергарэсурсаў.
— Праблемы ў Польшчы і Германіі будуць, толькі калі адначасова спыніцца наогул уся прапампоўка нафты. Але фактычна гэта будзе азначаць сур'ёзны крызіс у стасунках з Расіяй.
Гульня небяспечная і Расіі не цікавая
Расійскія кампаніі не зацікаўленыя ў тым, каб Беларусь вяла транзітныя войны з Еўропай ці нават пагражала гэтым, як у выпадку з транзітам газу ў Еўропу.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.