Трэба лячыць нашы разбітыя адносіны і хворую краіну — арцыбіскуп Кандрусевіч
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч / catholic.by
Не адчайвацца і шукаць сілы ў веры заклікаў вернікаў і духавенства ганаровы мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. У нядзелю ён меў зносіны з вернікамі ў Магілёве, расказвае партал Catholic.by
Па яго словах, адказ на пытанне, дзе шукаць сілы, ёсць у Евангеллі. Бог ніколі не пакідае людзей адных са сваімі праблемамі і без надзеі, нагадаў Кандурсевіч. Таму людзі павінныя стаць Божым інструментам, які дзейнічае і лечыць.
"Нам усім неабходна лячыць нашы думкі, нашу памяць, нашы разбітыя ўзаемаадносіны, нашу хворую краіну", — сказаў ён, звяртаючыся да вернікаў.
Каб вылечыць разбітае беларускае грамадства, трэба перш за ўсё паставіць правільны дыягназ, лічыць Тадэвуш Кандрусевіч.
Пасля жорсткасці, якую дазволіла сабе ўлада ў дачыненні да нязгодных з вынікамі выбараў грамадзян, мітрапаліт выказаў заклапочанасць тым, што адбываецца. Ён нават звярнуўся да тагачаснага міністра ўнутраных спраў Юрыя Караева з просьбай неадкладна вызваліць затрыманых і спыніць гвалт.
31 жніўня Тадэвуш Кандрусевіч не змог вярнуцца ў Беларусь з замежнай камандзіроўкі — памежнікі не пусцілі яго ў краіну. Ён змог вярнуцца толькі перад Калядамі. А 3 студзеня, у дзень свайго 75-годдзя, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч сышоў у адстаўку з пасады кіраўніка Рымска-каталіцкай царквы ў Беларусі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.