Трэнера спартшколы ў Жлобіне арыштавалі на 12 сутак па фота з акцыі ў СМІ
На 12 сутак суд Жлобінскага раёна арыштаваў баксёра трэнера-выкладчыка дзіцячай спартыўнай школы Георгія Варашылава, паведамляе БелаПАН. Яго прызналі вінаватым ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мерапрыемстве ў сталіцы.
Доказам віны Варашылава суддзя Яўген Ерафееў палічыў фотаздымак з аднаго з маршаў у Мінску. Фота з'явілася ў СМІ.
Падтрымаць Варашылава прыйшлі іншыя жлобінцы, але на суд трапіць не змаглі.
"Георгій Варашылаў — паважаны ў нас чалавек, ён трэніруе дзяцей. Нікога з нас не пусцілі на пасяджэнне. Першапачаткова ўсіх зарэгістравалі, але потым абвясцілі, што зала маленькая, а цяпер эпідэмія каронавіруса, і пасяджэнне прайшло за зачыненымі дзвярыма", — кажа жыхарка Жлобіна.
Таксама суд прызначыў па 15 сутак двум мясцовым жыхарам, якія сфатаграфаваліся з бел-чырвона-белымі сцягамі каля скульптуры "Ладдзя" ў Жлобіне.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.