Трыа Канстанціна Гарачага запісвае дэбютны live-альбом (відэа)
Музыкі працуюць у студыі “без нот” — запісваюць імправізацыю. Кампазіцыі атрымліваюцца складаныя, "у першую чаргу — для музыкаў".
“Цяпер мы займаемся, так бы мовіць, фіксацыяй музычнага матэрыялу, — распавядае Еўрарадыё пра працу над новай праграмай Косця Гарачы. — Гэты запіс абавязкова з’явіцца ў інтэрнэце, але на фізічным носьбіце пакуль наўрад ці. Нам хочацца дасягнуць іншага гучання, для якога мы пакуль не знайшлі студыю”.
Ідэя, стварыць уласную каманду нарадзілася ў клавішніка “Apple Tea” Канстанціна Гарачага падчас працы з вакалісткай Таццянай Гарошка. Разам з кантрабасістам Вячаславам Сергіенка і бубначом Аляксандрам Мінцом музыкі тады працавалі над лайф-праграмай для Tanin Jazz.
У фармаце “кантрабас-бубны-клавішы” музыкі адыгралі некалькі канцэртаў, ствараючы аўтарскія аранжыроўкі і дапаўняючы джазавымі імправізацыямі вядомыя стандарты. А паралельна пачалі працу над аўтарскай праграмай, музыку для якой піша Гарачы.
“Гэта музыка настрою, адчуванняў. Неканкрэтная музыка. У гэтай канцэпцыі ўся справа! — працягвае лідар трыа. — Мы не робім ухіл у танцавальны ці забаўляльны момант. Наша музыка больш выяўленчая, не для ўсіх, і яе наўрад ці можна будзе выконваць на прыватных вечарынках. Гэтая музыка будзе цікавай, у першую чаргу, непасрэдна музыкантам. Але мы спрабуем знайсці нейкі бок, які зацікавіць і гледачоў без адмысловай падрыхтоўкі”.
"Жывы запіс", над якім цяпер працуе трыа, — гэта рэпетыцыя перад выданнем паўнавартаснай аўтарскай пласцінкі.
Нагадаем, што паслухаць трыа Канстанціна Гарачага можна падчас фінальнага канцэрту “Джазавыя суботы ў Ратушы” 29 чэрвеня.
Фота: Аляксандра Канончанка