Ля мінскай ратушы зноў будуць граць джаз
Гэта адбудзецца 6, 13 і 20 чэрвеня. Сярод сёлетніх зорак — Мадс Матыяс, Дэніс Баптыст, Беата Пшыбытэк, Apple Tea і іншыя.
У чэрвені ў Мінску адкрываецца традыцыйны летні фэст “Джазавыя суботы ля Ратушы”. 6, 13 і 20 чэрвеня на сцэне на плошчы Свабоды зайграюць зоркі еўрапейскага і беларускага джазу, паведамляе сайт relax.by.
Распачне фэст найлепшы артыст Даніі 2014 года, вакаліст і мультыінструменталіст Мадс Матыяс. Ён выканае песні са свайго апошняга альбома “Free Falling” і кампазіцыі Фрэнка Сінатры. 6 чэрвеня перад мінчукамі таксама выступіць піяніст Пітар Розэндаль, беларусы Аляксандр Старажук і Уладзімір Бялоў, “Канстанцін Гарачы Трыа” і шведы Copro.
13 чэрвеня ўпершыню ў Мінску выступіць знакамітая польская спявачка Беата Пшыбытэк. Да нас прыедзе француз з в’етнамскімі каранямі Нгуен Ле з трыа “Агонь і вада”, нямецкі трубач Клаўс Штэтар і гурт Morfe Аганеса Аванесяна.
Завершаць фэст 20 чэрвеня “ікона брытанскага джазу” па версіі часопіса “Time”, лаўрэат брытанскай прэміі Music Of the Black Origin Awards і Mercury Music Дэніс Баптыст. Музыка зайграе з беларускімі джазмэнамі Apple Tea.
Апроч канцэртаў падчас фэсту пройдуць майстар-класы і аўтограф-сесіі.
Пачатак канцэртаў у 20.00. Уваход вольны.