Прэзентацыя на Еўрарадыё: альбом “Remade Silence” ад Tanin Jazz

Гурт Tanin Jazz прэзентуе на Еўрарадыё свой другі альбом “Remade Silence”. Па сутнасці, пласцінка створаная на аснове некаторых песень з першага альбома каманды “Feel This Time”, але запісаная ў цалкам новай форме. Праца над альбомам была скончаная даўно, але лідарка каманды Таццяна Гарошка вырашыла адкласці яго прэзентацыю.

“Гэты альбом быў запісаны ўжо даўно, але я не была гатовая яго выдаваць. Цяпер момант настаў! Ды і да першага альбома я заўжды ставілася, як да дэма-матэрыялу. Мне самой вельмі падабаецца новая пласцінка. Я лічу, што гэты альбом па-за часам. У ім мы змяшалі ўсё, што любім. І сам альбом мы ўсе вельмі любім, і хацелі выпусціць яго як мага больш далікатна”, — распавядае Таццяна Гарошка.

На затрымку рэліза паўплываў яшчэ і той факт, што апошні год Таццяна прысвяціла працы над новым праектам у стылі nu-disco. Першапачаткова спявачка не думала размяжоўваць два праекты рознымі назвамі, але ўсё ж вырашыла не блытаць слухача.

“Так атрымалася, што нягледзячы на ўсе тлумачэнні, я ўвяла публіку ў зман, калі пачала рабіць новую па жанры праграму пад той жа назвай. І каб больш не блытаць людзей, я вырашыла даць свайму новаму праекту іншую назву. Каб усё стала на свае месцы, мы выпусцім адразу 2 альбомы — джазавы і танцавальны. Але ўсё па парадку”.

Напярэдадні прэзентацыі Таццяна Гарошка вырашыла разаслаць новы альбом па розных радыёстанцыях Еўропы і Амерыкі. І атрымала першы вынік! Адзін з іспанскіх каналаў, “Costa Del Mar”,  узяў альбом для штогадзіннай ратацыі на сваіх хвалях цягам усяго лістапада.

У альбом увайшло 10 кампазіцый. Пласцінка цалкам запісаная на англійскай мове. Аўтарам тэкстаў выступіла спявачка і музыкант Алена Аракелян. Цяпер гурт вядзе перамовы з шэрагам лэйблаў наконт выдання альбома на CD і вініле.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі