Шэсць цудаў “Мірума”

Яшчэ з моманту падрыхтоўкі Mirum Music Festival было зразумела, што арганізатары імпрэзы маюць намер стварыць ледзь не самы запамінальны фэст гэтага сезона. За галоўныя інгрэдыенты Mirum Music Festival (мірум у перакладзе з латыні — дзівосны) ўзялі разнастайны лайн-ап, дадалі якасны гук і харызматычную вядучую Яўгенію Стрыжэўскую, падрыхтавалі казачнае месца наўпрост на зялёным лузе ля Мірскага замка і аздобілі ўсё гэта сонечным надвор’ем ды выдатным настроем. “Хто не рызыкуе, той не робіць Mirum Music Festival!” — казалі арганізатары падчас падрыхтоўкі фэсту, таму зусім не цуд, што ў каманды фестывалю ўсё атрымалася.

“У гэтым фестывалі мне спадабалася, вельмі правільнае ўзаемадзеянне двух складнікаў — гэта месца і вельмі прыемная атмасфера, а таксама падбор гуртоў. Проста цудоўныя выканаўцы! У фестывалю ёсць душа, а гэта галоўнае. Дасылаю свае захапленні і промні дабрыні арганізатарам, дзякуй!” — дзеліцца сваімі ўражаннямі адразу пасля фэсту мінская тусоўшчыца Таццяна Конанава.

Sophie Villy

Цуды на Mirum Music Festival пачыналіся адразу на ўваходзе — не было звыклай, усюдыіснай аховы ці міліцыянтаў — ніякіх “кардонаў”. Ахоўнікі даволі добразычліва сустракалі гледачоў, хуценька правяралі торбы і заплечнікі на наяўнасць алкаголю, і на гэтым усё. Дарэчы, піва можна было набыць адразу на фестывальнай пляцоўцы, у кавярні “Мірум” — што праўда, пры гэтым даводзілася выстаяць вялікую чаргу.

Гледачы прыносілі з сабой пледы і коўдры, размяшчаліся наўпрост на зялёным лузе насупраць сцэны — атрымаўся такі імправізаваны пікнік, які бліжэй да сярэдзіны фестывалю пераўтварыўся ў вялікі танцпляц. Адзінай неспадзяванкай для наведвальнікаў стала невялікая колькасць прыбіральняў — ці то арганізатары не разлічвалі на аншлаг, ці то проста не прадумалі гэтае пытанне, але мы ўпэўненыя, што гэтыя дробязі на наступны год будуць улічаныя і выпраўленыя.

Tanin Jazz

“Нам абяцалі цуд, і ён адбыўся. “Мірум” зрабіў сапраўдны рывок у накірунку, каб стаць самым цікавым фэстам у краіне, — распавядае лідар гурта Танін Джаз Таццяна Гарошка, якая прэзентавала на Mirum Music Festival сваю новую праграму “Адліга”. — Прыемна асэнсоўваць, што гэты цуд зроблены людзьмі, якія проста захацелі зрабіць усё правільна і без кампрамісаў, прыклалі неверагодныя намаганні, і ўсё атрымалася. Мяне не здзівіць, калі ў наступным годзе жадаючых трапіць на фестываль будзе больш, чым квіткоў на яго!”

Nina Karlsson

Nino Katamadze

Migloko

Šhuma

Дарэчы, яшчэ адзін цуд Mirum Music Festival — тое, што гурты-удзельнікі “узначальвалі” выключна дзяўчаты. Вядучая імпрэзы, легендарная украінская журналістка і “голас” фестывалю Koktebel Jazz Яўгенія Стрыжэўская, распавядала цікавыя гісторыі пра кожную каманду, стварыла сапраўдную фестывальную атмасферу, а бліжэй да канца імпрэзы натхніла музыкаў-удзельнікаў на нечаканую імправізацыю!

“Які фестываль без імправізацыі? Паколькі мы знаходзімся ў такім сімвалічным месцы з назвай “Мір”, мір, які ўсім нам так патрэбны, то давайце створым такі інтэрнацыянальны гурт і прысвецім наступную песню міру ва ўсім свеце" — кажа Яўгенія са сцэны і пачынае граць на клавішах мелодыю “Let it be”. Да вядучай далучаюцца грузінская спявачка, салістка гурта Sophie Villy Сафіко,Таццяна Гарошка (Tanin Jazz) і піцерскія музыканты з каманды Ніны Карлсан. Гледачы ўдзячна падпявалі — атрымаўся сапраўдны хор!

Завяршылася дзея толькі пад раніцу — эстафету перахапілі дыджэі, якія і былі адказнымі за атмасферу цудаў да самай раніцы. Еўарардыё віншуе Mirum Music Festival з удалым пачаткам і спадзяецца, што на наступны год фестываль яшчэ больш пашырыць і фармат, і пляцоўку!

Фота: tut.by, mi.by, Антон Матолька, Аляксей Колбун, Павел Чаплін

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі