Tanin Jazz прэзентуе элегантнае відэа на песню “Vanishing Dreamer”
Яно падкрэслівае сутнасць гурта і яго вакалісткі Тані Гарошка.
Гурт Tanin Jazz выпусціў “інтымнае” відэа на песню “Vanishing Dreamer” са свайго апошняга альбома “Remade Silence”. Над кліпам працавала рэжысёрка Ганна Герт, прыхільніца творчасці “Танінага Джаза”. Гэтым разам Ганна выступіла і ў ролі аператара відэа — каб самым дакладным чынам стварыць вобразы, якія б ахарактарызавалі гурт і яго музыку.
“У выніку атрымалася нешта прыгожае, элегантнае, тое, што мне вельмі блізкае, — распавядае лідарка гурта Таня Гарошка. — Кліп зняты на адну з маіх самых любімых песень з гэтага альбома. І мне падаецца, што і музыка, і відэа сышліся ў адным настроі”.
Па словах Тані Гарошка, у кліпе ёсць завуаляваны сюжэт, хаця на першы погляд глядач можа яго не заўважыць. А ўвогуле, Таня, якая выступіла галоўнай гераіняй роліка кажа, што ў ім яна паказала сваё ўнутранае я.
Відэа здымалася ў Мінску і ля Мінскага мора. Дарэчы, цяпер каманда вядзе перамовы з замежнымі лэйбламі, на адным з якіх у выніку і выйдзе кружэлка “Remade Silence”. Пакуль жа песні з яе можа пачуць на еўрапейскіх радыёстанцыях і радыё ЗША.