Гурт Tanin Jazz запускае танцавальны беларускамоўны праект

“Я даўно не атрымлівала такога задавальнення ад сваёй творчасці, — распавядае лідарка гурта Таццяна Гарошка. — Мяне рэальна прэ! Песні на новым альбоме будуць пра жанчыну, якая жыве ў горадзе, самастойнага чалавека, сталую асобу, якая адкрыта кажа тое, што адчувае, без усялякіх комплексаў і сарамлівасці. Ужо ведаеш сябе і ведаеш, чаго ты хочаш.”

Ідэя, папрацаваць над танцавальнай музыкай, у Тані Гарошка з’явілася ўжо даўно, але апошнім штуршком стаў удзел спявачкі ў леташнім Koktebel Jazz Festival. Па словах вакалісткі новы альбом атрымліваецца ў лепшых традыцыях Incognito і De Phazz — але без лаўнжа і “медлякоў”.

“Ніякіх медлякоў! — смяецца Таццяна Гарошка. — Проста чалавек прыходзіць на канцэрт і яго не адпускае, а гэтая музыка дапаможа хутчэй разняволіць людзей. Увесь альбом скіраваны на тое, каб “запальваць”. Я думаю, што цяпер ніхто не скажа, што гэта жаночая музыка — гэта мог праспяваць і мужчына. Па характары і настроі там няма гэтай слабасці і жаноцкасці, рамантыкі. Гэта не “ружовая і мяккая”музыка”.

Для пачатку працы над новым праектам сышлося шмат фактараў — знаёмства з аўтарам тэкстаў Надзеяй Падрэз ды новымі музыкамі — бубначом Аляксеем Максімавым і гітарыстам Аляксеем Англінскім. Да клубнага танцавальнага гучання гурт плануе наблізіцца з дапамогай магутнага і прадуманага плэй-бэка. Новы праект Таццяна Гарошка называе новай, спелай фазай гурта Tanin Jazz, але гэта зусім не азначае, што гурт перастане выступаць у джазавым складзе з трыа Канстанціна Гарачага.

“Абодва гэтыя праекты будуць існаваць паралельна. А па афішы будзе адразу зразумела, дзе які, — тлумачыць Таццяна. — Дарэчы, я планую нарэшце запісаць і гатовы “джазавы” альбом у гэтым складзе”.

Альбом пад працоўнай назвай “Адліга” будзе складацца з 12 кампазіцый, усе тэксты да якіх напісаныя на беларускай мове. На адну з іх, песню “Збегчы”, Tanin Jazz здымае кліп. Рэліз альбома запланаваны на канец чэрвеня. А некалькі новых песень Tanin Jazz прадставіць падчас цырымоніі ўзнагароджання на фестывалі беларускамоўнай рэкламы AD.NAK! 25-га чэрвеня.

Падрабязнасці пра новы праект, а таксама пра канцэртныя планы каманды чытайце неўзабаве ў інтэрв’ю на сайце Еўрарадыё.

Фота: Ганна Герт

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі