Tanin Jazz працягне лета на Koktebel Jazz Festival
Музыкі прадставяць Беларусь на Валошынскай сцэне фэсту.
Для удзелу ў 11-м міжнародным фестывалі Koktebel Jazz гурт Tanin Jazz рыхтуе праграму на рускай мове. Нягледзячы на тое, што апошнім часам гурт спявае па-англійску, на такі крок музыкі вырашылі пайсці, ўлічваючы рускамоўную аўдыторыю фэсту.
“Я думаю, што праграма будзе цікавай — усё ж, у аранжыроўках і працы бралі ўдзел самыя прагрэсіўныя музыканты Беларусі, — распавядае лідарка гурта Таня Гарошка пра будучы выступ у Кактэбелі. — Ды і не дарма мы выступаем на Валошынскай сцэне — сцэне эксперыментальнага джаза. Мне падаецца, што там збяруцца людзі, якія па-сапраўднаму шануюць джаз і цікавую, прагрэсіўную музыку. Таму будзем рады паказаць, на што мы здольныя, ды працягнуць лета ўдзелам у сонечным фестывалі”.
Нагадаем, што сёлета Koktebel Jazz Festival пройдзе з 12 па 15 верасня. Tanin Jazz выступіць у апошні фестывальны дзень, у 17.00.