Турчынаў патрабуе аднавіць антытэрарыстычную аперацыю
Кіраўнік Украіны спасылаецца на тое, што пад Славянскам знайшлі целы двух забітых.
Старшыня Вярхоўнай Рады Аляксандр Турчынаў патрабуе ад сілавых структур аднавіць антытэрарыстычныя мерапрыемствы, накіраваныя на абарону ад тэрарыстаў ўкраінскіх грамадзян, якія пражываюць на ўсходзе Украіны.
Пра гэта гаворыцца ў яго заяве, паведамляе УНІАН. Турчынаў адзначае, што "сёння каля Славянска былі знойдзеныя целы двух па-зверску закатаваных людзей. У адным з іх апазналі зніклага дэпутата Горлаўскага гарсавета, сябра партыі "Бацькаўшчына" Уладзіміра Рыбака, якога выкралі напярэдадні тэрарысты".
Турчынаў падкрэсліў, што "тэрарысты, якія ўзялі ў закладнікі фактычна ўвесь Данецкі рэгіён, перайшлі мяжу, пачаўшы катаваць і забіваць патрыётаў Украіны". Па яго словах, гэта выклік не толькі Украіне, але і ўсёй сусветнай садружнасці.
Пры гэтым ён адзначыў, што "злачынствы здзяйсняюцца пры поўнай падтрымцы і папушчальніцтве Расійскай Федэрацыі".
Фота — УНІАН