“У 2015 годзе больш шансаў на перамогу, чым было у 2006-м”

“Адзіны, хто мог быць адзіным кандыдатам, гэта быў Мілінкевіч. Я заўсёды гэта і гаварыў, і гавару. Але яго кінулі…  Ён насамрэч атрымаў нейкую раскрутку, яго нехта ведаў. Усё іншае – проста эмоцыі. Эмоцыі неіснуючых структур і неіснуючых лідараў”, – бадзёра расказвае старшыня Ліберальна-дэмакратычнай партыі Беларусі Сяргей Гайдукевіч.

Свае шансы на перамогу ў 2006 годзе Гайдукевіч дагэтуль ацэньвае як “вельмі вялікія” (згодна з дадзенымі ЦВК ён атрымаў 3,5% галасоў). Пра ўдзел у выбарах кіраўніка краіны палітык не шкадуе.

Не шкадуе аб гэтым і Аляксандр Казулін. На пытанні аб кампаніі 2006 года і яе асаблівасцях Казулін адказвае неахвотна і вельмі па-філасофску. Часам нават складана зразумець, што хоча сказаць.

“Як вы ведаеце, чалавек ніколі не можа шкадаваць аб тым, што было. Ён можа шкадаваць толькі аб тым, што будзе. Няправільна, альбо правільна”.

Аляксандр Казулін гаворыць, што за восем гадоў, якія прайшлі з сакавіка 2006-га, беларусы змяніліся. І цяпер сітуацыя ў Беларусі спрыяе зменам.

“Людзі па-іншаму зараз глядзяць. Па іншаму – гэта тое, што ўнутры іх. Іх стан змяняецца… А калі браць з пункту гледжання магчымых зменаў, то зараз сітуацыя спрыяе зменам. Унутраным”

Ахвотней за іншых былых кандыдатаў у прэзідэнты аб кампаніі 2006 года расказвае Аляксандр Мілінкевіч. На яго думку, выбарчую кампанію тады апазіцыя збольшага правяла без памылак. Галоўнай праблемай стала тое, што поўнага адзінства дамагчыся так і не атрымалася.

“Думаю, тады самай вялікай цяжкасцю для апазіцыі было рэальнае аб’яднанне. Быў кангрэс, быў абраны кандыдат, але не ўсе, хто ўдзельнічаў у кангрэсе, працавалі ў камандзе. Быў альтэрнатыўны кандыдат Казулін. Поўнага аб’яднання не было”.

Мілінкевіч мяркуе, што асноўным дасягненнем кампаніі-2006 была мабілізацыя людзей у даволі спакойны для ўладаў Беларусі час. Нягледзячы ні на што, на паслявыбарчыя пратэсты выйшла даволі шмат людзей. Палітык гаворыць, што гэта стала сігналам для Еўропы: у Беларусі ёсць людзі, якія гатовыя патрабаваць пераменаў і еўрапейскага выбару. У выніку быў адкрыты Белсат, з’явілася праграма Каліноўскага для падтрымкі рэпрэсаванай моладзі.

На думку Мілінкевіча, калі параўноўваць сітуацыю 2006-га з сучаснай, то ёсць адначасова і плюсы, і мінусы. Былы кандыдат мяркуе, што апазіцыя цяпер верыць у магчымасць перамогі значна менш, чым сем гадоў таму. А вось грамадства – наадварот.

“Тое, што зараз да 70% людзей хочуць рэформаў у краіне – такога ў 2006 годзе і блізка не было. Грамадства гатовае да пераменаў, гэта плюс для будучага кандыдата”.

Магчымасці балатавацца на выбарах 2015 года Мілінкевіч не адмаўляе. Праўда падкрэслівае, што хацеў бы бачыць адзіным кандыдатам ад апазіцыі палітыка больш маладога пакалення. Каб пасля выбараў ён не сышоў у цень, а працаваў далей, на будучыню. Аляксандр Казулін пра такі варыянт не гаворыць. А вось трэці альтэрнатыўны Лукашэнку кандыдат – Сяргей Гайдукевіч – поўны рашучасці.

“Я іду вельмі магутна на выбары, вельмі разумна. І мае дзеянні калегі ацэньваюць як вельмі правільныя, граматныя. Я сам гэта адчуваю. Я дастаткова вядомы чалавек у гэтай краіне, і мая вядомасць перавышае ўсё магчымае ў гэтай дзяржаве. Я зараз моцны, моцны, як ніколі”.

Якой атрымаецца кампанія 2015 года, пабачым ужо ў наступным годзе – выбары прэзідэнта Беларусі прызначаныя на восень. Пакуль жа менавіта выбары 2006 года шмат у каго выклікаюць збольшага прыемныя ўспаміны.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі