У 2018 годзе Нацбанк плануе адмяніць абавязковы продаж валюты

У 2018 годзе Нацбанк плануе адмяніць абавязковы продаж валюты

Нацбанк Беларусі рыхтуе шэраг мер па дэдаларызацыі эканомікі. Пра гэта 19 верасня паведаміў журнаістам намеснік старшыні праўлення Нацыянальнага банка Сяргей Калечыц, перадае БЕЛТА. Сярод іншага ўжо ў 2018 годзе плануецца адмяніць абавязковы продаж валюты. 

Банкір паведаміў, што ў Беларусі з-за шэрагу акалічнасцяў склаўся высокі ўзровень даларызацыі. "Гэта датычыць выкарыстання замежнай валюты і як сродку назапашвання, і як сродку плацяжоў. Да гэтага часу дзейнічаў шэраг дазволаў для асобных суб'ектаў, для асобных напрамкаў дзейнасці выкарыстоўваць валюту. Мы разумеем, каб узмацніць ролю нацыянальнай валюты і адысці ад выкарыстання замежнай, перш за ўсё трэба забяспечыць стабільнасць нацыянальнай валюты. і сёння для гэтага робіцца ўсё неабходнае, і мы бачым вынік гэтай працы", — патлумачыў Калечыц.

Ён звярнуў увагу на тое, што некаторыя галіны эканомікі атрымлівалі прэферэнцыі пры ранейшай сістэме валютных дазволаў. Намеснік старшыні Нацбанка лічыць, што трэба сыходзіць ад прывязкі да замежнай валюты ва ўсіх сферах — у тым ліку пры падліку розных плацяжоў, якія часцяком вядуцца ў прывязцы да замежнай валюты. Праўда, гэтая ініцыятыва, дадаў Калечыц, патрабуе ўсебаковага абмеркавання. 

Таксама Нацбанк мае план лібералізацыі валютнага заканадаўства. "Калі ўнутры нашай эканомікі павінна выкарыстоўвацца пераважна нацыянальная валюта, то, з другога боку, важным фонам для гэтага павінна быць магчымасць свабодна для знешніх разлікаў набываць і выкарыстоўваць валюту без якіх-небудзь абмежаванняў. Прадугледжваецца і паступовая адмена абавязковага продажу валюты, і спрашчэнне доступу да куплі валюты, і адмена мэтавага накіравання. У канчатковым выніку - поўная лібералізацыя адносін, звязаных з рухам капіталу", — акрэсліў перспектывы банкір. 

Па словах Калечыца, усе мерапрыемствы па лібералізацыі валютнага заканадаўства разлічаныя да 2020 года.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі