У 2019 годзе ў Беларусі пройдзе перапіс насельніцтва
Перапіс насельніцтва Беларусі пройдзе ў 2019 годзе. Пра гэта ў эфіры тэлеканала СТВ паведаміла старшыня Нацыянальнага статыстычнага камітэта Інна Мядзведзева.
Па словах чыноўніцы, Аляксандр Лукашэнка даручыў правесці перапіс на высокім узроўні, але мінімізаваць выдаткі.
У гісторыі незалежнай Беларусі прайшлі два перапісы насельніцтва — у лютым 1999 года і ў кастрычніку 2009-га.
Навінкай наступнага перапісу стане форма яго правядзення. Па словах Мядзведзевай, перапіс мяркуецца правесці на беспапяровых носьбітах. Акрамя таго, першыя тры дні перапіс будзе праходзіць на стацыянарных участках. Там перапісчыкі будуць запаўняць перапісныя лісты на электронных планшэтах. Ахвочыя могуць прыйсці на перапіс самі, каб перапісчыкі не прыходзілі да іх дадому.